Фота: @_anton_alksnd_, Instagram.com.

Пасля траўмы гэты беларус нанова вучыўся жыць з інвалідным крэслам. Цяпер стварае свяцільні, каб зарабіць на самастойнае жыццё

Фота: @_anton_alksnd_, Instagram.com.

У 19 гадоў Антон Біндзюкоў няўдала нырнуў у возера і атрымаў траўму пазваночніка. Падчас рэабілітацыі ён шукаў занятак для сябе, а ў выніку пачаў рабіць свяцільні з месячным рэльефам. Цяпер іх замаўляюць і за межамі Беларусі. CityDog.io расказвае, як ідэя з Pinterest стала справай, якая дапамагае Антону зарабляць і будаваць планы на самастойнае жыццё.

мы здесь
поделиться

У 19 гадоў Антон атрымаў траўму, пасля якой не змог хадзіць

Антон Біндзюкоў родам з гарадскога пасёлка Карма ў Гомельскай вобласці. У 19 гадоў ён вучыўся на другім курсе Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі і збіраўся стаць інжынерам. У адзін з летніх дзён паехаў з сябрамі на возера. Нырнуў, ударыўся галавой аб дно і самастойна выплысці ўжо не змог – з вады яго выцягнуў аднагрупнік.

У Антона быў пералом пятага шыйнага пазванка і ўдар спіннога мозга. Як ён расказваў у інтэрв’ю «Мінскай праўдзе», у бальніцы ён яшчэ не разумеў, наколькі моцна траўма зменіць яго жыццё. Думаў, што адновіцца і вернецца да вучобы і прывычных спраў.

Адчувальнасць ног не вярнулася. Антон стаў карыстацца інваліднай каляскай і пераехаў да бацькоў. Асабліва цяжка даваўся першы год: ён не хацеў выходзіць на вуліцу і адкладаў усё да моманту, калі зноў зможа хадзіць.

Паступова ён пачаў прывыкаць да жыцця пасля траўмы. Дапамог у тым ліку блог: там Антон расказваў пра рэабілітацыю і дзяліўся тым, што адбывалася ў яго жыцці.

Ідэю для свяцільняў знайшоў у Pinterest

Падчас рэабілітацыі Антон шукаў занятак, якому мог бы прысвячаць час дома. Аднойчы паглядзеў перадачу пра першы палёт чалавека на Месяц і захацеў яго намаляваць. Пачаў шукаць карцінкі ў Pinterest, а сярод іх убачыў аб’ёмную свяцільню з месячным рэльефам. Захацелася паспрабаваць зрабіць падобную.

Да гэтага Антон бачыў такія свяцільні толькі на фота і відэа, таму сам разбіраўся, як іх рабіць. Больш за ўсё часу пайшло на стварэнне рэалістычнага месячнага рэльефу.

Аснова свяцільні – круг з дрэва або ДСП. На яго Антон наносіць тэкстурную пасту на аснове гіпсу і клеявых сумесяў, з якой стварае месячны рэльеф. Для падсветкі выкарыстоўвае святлодыёдную стужку. З будаўнічымі матэрыяламі і гіпсам ён працаваў і раней – гэты досвед спатрэбіўся і тут.

Спачатку Антон звяраўся са здымкамі Месяца, а цяпер сам прыдумляе, дзе размясціць кратары, горы і трэшчынкі. Кожную дэталь лепіць і прамалёўвае ўручную, таму дзвюх аднолькавых свяцільняў у яго няма.

Больш за ўсё часу і сіл ідзе на рэльеф і афарбоўку. Часам даводзіцца паваждацца і з падсветкай. А любімы момант – апошнія штрыхі, калі ўжо можна ўбачыць, якой атрымалася свяцільня. Цяпер на адну свяцільню ідзе ў сярэднім тры-чатыры дні, уключаючы сушку.

У працы ўдзельнічаюць і бацькі: тата выпілоўвае асновы з ДСП, а мама пры неабходнасці дапамагае прамалёўваць дробныя дэталі.

Мужчына выразае і шліфуе аснову драўлянага круга.

Бацька Антона – Аляксандр Мікалаевіч – выразае і шліфуе аснову. Фота: SmartPress.by.

Сумняваўся ў кошце сваіх работ, а потым напісаў у Threads і знайшоў новых кліентаў

Спачатку Антон рабіў свяцільні для сяброў і паказваў іх у TikTok і Instagram. Калі вырашыў прадаваць, было складана вызначыцца з коштам: ён успрымаў свой занятак як хобі і баяўся папрасіць занадта шмат. Па параду пайшоў у Threads.

У посце Антон адразу папрасіў ацэньваць менавіта свяцільні, без акцэнту на каляску. Напісаў, што кошт пачынаецца ад 85 руб., і спытаў, ці вартыя яго працы гэтых грошай.

Водгукаў аказалася шмат, у тым ліку ад людзей з іншых краін. Карыстальнікі хвалілі рэльеф і цёплае святло, а некаторыя пісалі, што за такую працу можна браць больш. Антон прызнаваўся: гэта рэакцыя дапамагла яму больш упэўнена ставіцца да сваёй справы і перагледзець кошт.

Паступова з’явіліся і замежныя пакупнікі. Антон аформіўся як самазаняты і працягнуў прымаць замовы. У адным з інтэрв’ю ён расказваў, што кошт свяцільняў вырас і цяпер пачынаецца ад 130 рублёў.

Хоча самастойна выходзіць з дому і менш залежаць ад бацькоў

Даход ад свяцільняў Антон хоча патраціць на ўладкаванне кватэры і дачы, каб менш звяртацца па дапамогу да бацькоў. Адна з галоўных мэт – самастойна выходзіць на вуліцу, сустракацца з сябрамі і здымаць відэа для блога. Яшчэ ён марыць пра добры актыўны вазок.

Пакуль многія паўсядзённыя задачы даводзіцца вырашаць разам з блізкімі. Паводле Антона, яны стараюцца ўладкаваць побыт так, каб усім было зручна. А вось за межамі кватэры многае ад іх ужо не залежыць: складанасці пачынаюцца ў пад’ездзе, далей – тратуары і высокія бардзюры. Да патрэбнага месца бывае цяжка не толькі дабрацца, але і трапіць унутр.

Мінакі, расказвае Антон, нярэдка самі прапануюць дапамогу. Калі ён звяртаецца з просьбай, таксама дапамагаюць – адмоў ён пакуль не сустракаў.

Антон працягвае рэабілітацыю: кожны год праходзіць яе ў Гомельскім ваенным шпіталі, а дома штодня займаецца з бацькам. Разам яны паўтараюць практыкаванні, якім яго навучылі спецыялісты.

Блог і праца над свяцільнямі дапамагаюць лягчэй перажываць складаныя дні. Праз сацсеткі Антон знаёміцца з людзьмі і даведваецца, як яны спраўляюцца з падобнымі цяжкасцямі.

«Бачыш, што ты не адзін, што іншыя спраўляюцца, значыць, і ў цябе атрымаецца», – кажа ён.

Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.

#Беларусь
Еще по теме:
Этот парень из Речицы снимал ролики для крупных брендов, набрал 30 миллиардов просмотров, а потом открыл собственный бар в Минске. Вот его история
Я сам_а
Як хлопец з Жодзіна ператварыў жаданне збегчы ад шэрасці ва ўласны брэнд адзення. Пачытайце, вам спадабаецца
Я сам_а
Інжынерка з Мінска ператварыла закінуты ўчастак пад Вілейкай у лавандавую ферму. Пачытайце яе гісторыю
Я сам_а
поделиться
Добавьте нас в источники Google