Acid Topser. Фота: @alice.in.fotoland, Instagram.com.

Як хлопец з Жодзіна ператварыў жаданне збегчы ад шэрасці ва ўласны брэнд адзення. Пачытайце, вам спадабаецца

Acid Topser. Фота: @alice.in.fotoland, Instagram.com.

Арцём Шалак, ён жа Acid Topser, нарадзіўся ў 1998 годзе ў Жодзіне. Сябе ён называе мастаком: малюе на адзенні, удзельнічае ў міжнародных праектах і развівае ўласны брэнд Random Rebels. CityDog.io расказвае, як хлопец з невялікага беларускага горада распісаў вітрыну Vivienne Westwood і стварыў вакол сваіх рэчаў асобны яркі сусвет.

мы здесь

Усё пачалося з Жодзіна...

Там Арцём нарадзіўся і вырас. Цяпер родны горад пастаянна з’яўляецца ў яго працах, хоць у дзяцінстве яму здавалася, што для творчасці лепш было б нарадзіцца дзе-небудзь у Лос-Анджэлесе – там, дзе ўжо ёсць індустрыя, патрэбныя людзі і больш магчымасцей для развіцця. Пра гэта хлопец расказваў у інтэрв’ю «Афішы Daily».

Амаль ва ўсіх інтэрв’ю Арцём прадстаўляецца як Acid Topser, таму далей мы таксама будзем называць яго творчым псеўданімам.

Пры гэтым у Жодзіне было сваё актыўнае творчае асяроддзе: графіцісты, фатографы, музыкі і рэперы. Менавіта вулічнае мастацтва стала для Acid Topser адпраўным пунктам і пазней паўплывала на ўсё, чым ён займаецца цяпер.

Пасля школы ён паступіў на журфак БДУ, пісаў пра музыку і рабіў калажы для Onliner, але паступова зразумеў, што хоча развівацца менавіта як мастак.

З цягам часу змянілася і яго стаўленне да роднага горада. Acid Topser зразумеў, што Жодзіна – не абмежаванне, а частка яго гісторыі, якой больш ні ў каго няма.

«Я зразумеў: “Блін, усё ж крута, што я нарадзіўся ў Жодзіне”. Сапраўды лічу, што гэты горад шмат мне даў. Я зразумеў, што трэба глядзець унутр сябе, сваёй гісторыі і досведу, даставаць адтуль максімальна ўнікальныя інгрэдыенты і ўплятаць іх у кантэкст, у якім ты знаходзішся… Мой бэкграўнд становіцца козырам – мне ёсць што пра яго расказаць», – дзяліўся Acid Topser у адным са сваіх інтэрв’ю.

Хлопец рос у асяроддзі, з якога хацелася выбрацца

Acid Topser казаў, што рос нібыта ў двух светах. У адным было сціплае жыццё ў невялікім горадзе, у другім – інтэрнэт, дзе існавалі мода, музыка і мастацтва, якія тады здаваліся амаль недасягальнымі.

«Адно наклалася на другое і дало мне вялізную матывацыю. Я разумеў, што, калі нічога не буду рабіць, у мяне нічога і не будзе. А значыць, трэба цялёпкацца і караскацца, імкнуцца да нечага большага, марыць», – расказваў ён.

Пазней гэты кантраст адбіўся і на адзенні Acid Topser. Яркія колеры і крыклівыя прынты сталі для яго спосабам уцячы ад шэрага кантэксту, у якім ён рос.

Acid Topser.

Acid Topser. Фота: 34mag.net.

Спачатку ён маляваў графіці, слухаў хіп-хоп і рабіў невялікія арты. Затым пазнаёміўся з фатографкай Дыянай, разам з якой у 2015 годзе зняў адзін з першых праектаў пад назвай Purple Vision. Пасля яго публікацыі хлопцы нечакана атрымалі шмат водгукаў.

Так з’явілася творчае аб’яднанне Rebel Youth, у якое ўвайшлі мастакі, фатографы, дызайнеры і музыкі. Пазней праект перайменавалі ў Random Bedroom – прастору, унутры якой каманда займаецца здымкамі, івентамі, дэкарацыямі і іншымі творчымі праектамі.

З цягам часу ўнутры Random Bedroom з’явіўся брэнд Random Rebels. У яго межах Арцём стварае адзенне, аксесуары і іншыя прадметы.

«Нам важна, каб гэтыя рэчы складваліся ў яркі і цэласны свет», – тлумачыў мастак у сваіх інтэрв’ю.

У 2024 годзе Acid Topser распісаў вітрыну Vivienne Westwood

Прапанова ад брэнда Vivienne Westwood з’явілася неўзабаве пасля таго, як Acid Topser пераехаў у Парыж і пачаў знаёміцца з мясцовымі мастакамі і дызайнерамі. Спачатку брэнд запрасіў іншую мастачку, але яна не змагла ўзяцца за праект і параіла беларуса. Яго працы паглядзелі – і неўзабаве на пошту прыйшла прапанова аформіць павільён перад паказам новай калекцыі.

Задача была цалкам у яго стылі. Унутры былой крамы ўсё павінна было застацца чыстым і акуратным, а вітрыну папрасілі ператварыць у «класічную калявандальную гісторыю».

«Яны хацелі стварыць кантраст: стэрыльны інтэр’ер на фоне мастацкага бруду. Вітрыну трэба было проста “забіць”», – успамінаў Acid Topser.

Acid Topser і вітрына, якую ён распісваў для Vivienne Westwood.

Acid Topser і вітрына, якую ён распісваў для Vivienne Westwood. Фота: People.onliner.by.

Свабоды яму далі амаль столькі ж, колькі на звычайнай вуліцы. З абавязковага – толькі сілуэт дызайнера і яго імя, прычым іх нават не прасілі неяк асабліва вылучаць. Acid Topser цалкам заліў вокны фарбай, дадаў надпісы і прыляпіў да шкла постары, каб усё выглядала максімальна стыхійна.

Ганарару за працу не было. Затое брэнд Vivienne Westwood расказаў пра мастака ў сацсетках і падарыў яму некалькі рэчаў. Acid Topser кажа, што і без гэтага пагадзіўся б: занадта добрай была магчымасць папрацаваць з брэндам, які калісьці зрабіў панк часткай вялікай моды.

Вітрына Vivienne Westwood знутры. Фота: People.onliner.by.

Сярод дзясяткаў слоў на вітрыне з’явілася і «Жодзіна». Большасць дэталяў Acid Topser прыдумваў ужо на месцы, але назву роднага горада вырашыў напісаць загадзя.

«Гэта была магчымасць паказаць Жодзіна там, дзе яго больш ніхто не пакажа», – тлумачыў ён.

Праўда, амаль адразу пасля паказу вокны памылі, а прастору пачалі рыхтаваць да рамонту.

Фота: People.onliner.by.

Новыя калекцыі з’яўляюцца амаль кожны сезон

Цяпер над Random Rebels разам з Acid Topser працуе цэлая каманда. Агульнага офіса ў хлопцаў няма, таму кожны далучаецца да праекта тады, калі можа.

Пры гэтым адным адзеннем праца не абмяжоўваецца. Для кожнага дропа каманда прыдумвае асобны візуальны свет: робіць рэквізіт і дэкарацыі, здымае фота і відэа, працуе з 3D-графікай. Таму шлях ад першых эскізаў да гатовай калекцыі можа заняць месяцы.

Напрыклад, першыя накіды калекцыі «Чароўныя Калекі», якая выйшла ў канцы ліпеня, з’явіліся яшчэ ў канцы лета 2025 года. Увосень ідэя канчаткова аформілася, а ў лістападзе каманда пачала працаваць над самімі рэчамі. У выніку ўвесь працэс расцягнуўся прыкладна на дзевяць месяцаў.

«За гэты час я некалькі разоў паспеў перагарэць, крыху аднавіцца і зноў перагарэць. Часам мне даводзілася проста адыходзіць ад праекта, каб потым зноў захацець да яго вярнуцца», – расказваў у нядаўнім інтэрв’ю для Utka.by Acid Topser.

Пры гэтым праца не спынялася: пакуль ён пераключаўся, нехта працягваў шыць, нехта займаўся графікай, а нехта рыхтаваў іншыя элементы калекцыі.

Цэны: ад джынсоўкі за 100 руб. у 2017-м да кашулі за 700 руб. сёння

Цэны на рэчы Random Rebels прыкметна выраслі разам з самім брэндам. У 2017 годзе распісаная ўручную Acid Topser джынсоўка каштавала каля 100 руб. Ужо тады некаторыя пакупнікі лічылі гэта занадта дарагім, але мастак тлумачыў: кожная рэч існуе ў адзіным экзэмпляры і па сутнасці становіцца асобнай працай.

«Я кожную джынсоўку распісваў сваімі рукамі. Для мяне яны ўсе дарагія, я іх літаральна ад сэрца адрываю. Гэта як прадаваць свае карціны», – казаў ён у інтэрв’ю 34Mag.

Цяпер цэны сталі значна вышэйшымі. Зусім нядаўна Random Rebels прадставіў новую калекцыю «Чароўныя Калекі», у якую ўвайшлі майкі, кашулі, джынсы незвычайнага крою і некалькі аксесуараў.

Напрыклад, кашуля Porcelain Armor Shirt каштуе 700 руб., джынсы Twisted-Flared Jeans – 740 руб., майка Goth Milk Distressed T-Shirt – 270 руб. Самая дарагая рэч у дропе – штаны Ground-Roots Skinny Pants за 1200 руб.

Рэчы з калекцыі «Чароўныя Калекі». Фота: Randomrebels.com.

Пра планы і мары

Пра будучыя праекты Acid Topser гаворыць даволі размыта. Новыя ідэі ўжо ёсць, але раскрываць падрабязнасці ён пакуль не хоча.

«Планы ў нас ужо ёсць. Вельмі цікавыя. Але пакуль яны не набылі канчатковую форму, расказваць пра іх не хочацца. Таму скажу так: сюрпрызы наперадзе дакладна будуць», – казаў ён у нядаўнім інтэрв’ю Utka.by.

Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.

Еще по теме:
Беларуский бренд выпустил новую коллекцию одежды. Как вам такой креатив?
За день
Минский бренд выпустил коллекцию с килтом и отсылкой к Жодино – вещи уже в продаже
За день
В Минске впервые за 5 лет пройдет большой арт-перформанс от популярного творческого объединения
За день
поделиться