У анлайн-кінатэатры Vodblisk адбылася прэм’ера беларускага дакументальнага фільма «Моўныя партызаны» рэжысёркі Тані Гаўрыльчык. Стужка расказвае пра сям’ю, якая больш за дзесяць гадоў адстойвае выкарыстанне беларускай мовы ў публічнай прасторы.
Фільм «Моўныя партызаны» паказвае гісторыю звычайнай беларускай сям’і – Аліны і Ігара. Яны выхоўваюць дзіця і чакаюць другога сына. Ужо больш за дзесяць гадоў яны пішуць лісты ў дзяржаўныя ўстановы і кампаніі, патрабуючы выканання закона: каб беларуская мова была бачная і выкарыстоўвалася ў публічнай прасторы.
Пасля падзей 2020 года такая актыўнасць становіцца небяспечнай, і героі вымушаныя хавацца. Фільм паказвае, як нават «ціхія» крокі могуць быць формай супраціву.
«У эміграцыі шмат якія паняткі і канцэпты, сэнс якіх быў крыштальна зразумелы на радзіме, размыліся і страцілі сваю моц. Але каштоўнасць мовы засталася безумоўнай. Мовы перажываюць рэжымы, дзяржаўныя ўтварэнні і межы. Перажываюць часовасць сацыяльных і палітычных перыпетый, якія наслойваюцца на тканіну тваёй краіны.
І, безумоўна, мова – гэта такі светапогляд, такая оптыка бачання свету. Калі адкрыць слоўнік сінонімаў беларускай мовы, для радасці там будзе пару слоў, для смутку – некалькі дзясяткаў», – расказала рэжысёрка.
Праца над фільмам пачалася ў 2022 годзе. Для Тані Гаўрыльчык гэта другая кароткаметражная праца ў ролі рэжысёркі. Раней яна працавала як аператарка над фільмамі, якія мелі прэм’еры на такіх буйных фестывалях, як Берлінале і IDFA.
«Распавесці пра Беларусь праз сітуацыю з мовай мне падаецца, з аднаго боку, вельмі відавочным, тым, што амаль ляжыць на паверхні. Гэта такая відавочная знутры і зусім невідавочная звонку гісторыя пра Беларусь. Але мне гэта і падаецца цікавым – расказваць невядомую гісторыю, ствараць веды пра нас шырэй за вядомы наратыў, – адзначае Таня Гаўрыльчык. – У чымсьці дакументалістыка для мяне – такая зручная зачэпка зазірнуць у тыя жыцці, да якіх без камеры быццам бы няма прычыны ўвайсці».
Фільм «Моўныя партызаны» можна паглядзець бясплатна на платформе Vodblisk пасля рэгістрацыі.
Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.
















