Фота: пляж на закінутым курорце Вароша, Паўночны Кіпр. З асабістага архіва герояў.

Ну, як з’ездзілі на курорт-прывід на Паўночным Кіпры. Ваенная ахова, калючы дрот і закінутыя гатэлі на беразе Міжземнага мора – як вам такі пляжны адпачынак?

Фота: пляж на закінутым курорце Вароша, Паўночны Кіпр. З асабістага архіва герояў.

Цёплае Міжземнае мора, дробны пясок, дарагія гатэлі і рэстараны – гучыць як добры выбар для адпачынку. Але ёсць нюанс: ужо паўстагоддзя курорт закінуты і разрабаваны, а на ўваходзе ў яго вас сустрэнуць узброеныя людзі. Пра сваё падарожжа ў постапакаліптычны квартал на Паўночным Кіпры CityDog.io расказалі магілёўскія айцішнікі Дзіма і Света, якія любяць падарожнічаць і вядуць свой блог пра гэта.

мы здесь

– Нашы сябры жывуць на грэчаскай частцы Кіпра. Апошнія тры гады мы часта ездзім да іх і ўжо нядрэнна даследавалі паўднёвую тэрыторыю вострава, асабліва горад Пафас і яго наваколлі, – расказвае Дзіма. – Даўно хацелі пабываць у горадзе Фамагуста на Паўночным Кіпры, у прыватнасці яго закінутым квартале Вароша.

Да 1974 года востраў Кіпр быў адзінай дзяржавай. Паміж туркамі-кіпрыётамі і грэкамі-кіпрыётамі існавала сур’ёзная напружанасць. У 1974-м сітуацыя абвастрылася, і адбыўся вайсковы канфлікт. У выніку на паўночнай частцы вострава ўтварылася Турэцкая Рэспубліка Паўночнага Кіпра, якая да сённяшняга дня прызнаецца асобнай краінай толькі Турцыяй.

Фамагуста – горад, які аказаўся ў складзе ТРПК. Да канфлікту ён быў папулярным курортам, асабліва вылучаўся турыстычны квартал Вароша: адпачываць тут было прэстыжна, сюды прыязджалі такія зоркі, як Элізабет Тэйлар і Брыжыт Бардо.

З пачатку баявых дзеянняў квартал быў закрыты турэцкімі ўладамі, а яго насельніцтва – выгнана. З часам Вароша ператварылася ў пакінуты людзьмі горад-прывід. Частка раёна адкрыта для наведвання турыстамі з кастрычніка 2020 года.

Курорт Вароша на паштоўцы 1970-х гадоў.

Курорт Вароша на паштоўцы 1970-х гадоў. Фота: Returntovarosha.blogspot.com.

Мне заўсёды хацелася трапіць у такі закінуты горад, выпрабаваць гэта на сабе, адчуць атмасферу. На жаль, я не быў ні ў Прыпяці, ні ў іншых падобных месцах. З нашымі сябрамі зрабіць гэта пакуль немагчыма – яны жывуць на грэчаскай частцы і хочуць атрымаць кіпрскія пашпарты, а перасячэнне гэтай мяжы можа выклікаць пытанні і лішнюю рызыку адмовы.

Так што ў нашу красавіцкую паездку мы разам з маёй жонкай Светай спецыяльна вылучылі пару дзён на наведванне Паўночнага Кіпра, у прыватнасці Фамагусты.

Да грэчаскага Кіпра мы дабіраліся на самалёце рэйсам Ryanair «Варшава Модлін» – Пафас. На дваіх білеты туды і назад абышліся каля 200€. Да мяжы з Паўночным Кіпрам мы ехалі на мапедзе – хацелася новых цікавых адчуванняў. Арэнда мапеда на 2 дні каштавала 75€.

Аэрапорт горада Пафас, Кіпр.Бераг мора, Кіпр.

Аэрапорт Пафаса і бераг мора на паўднёвай частцы вострава, недалёка ад Ларнакі.

Гэта, канешне, няблізка: туды і назад у нас атрымалася каля 400 кіламетраў. Раніцай мы выехалі з Пафаса, даехалі да мяжы і пакінулі мапед там. Многія рэнталы забараняюць перасякаць мяжу з Паўночным Кіпрам, у тым ліку наш: гэта было прапісана наўпрост у дагаворы арэнды.

Абедзве межы перасеклі пешкі, гэта было лёгка і хутка. Ніякіх штампаў не ставяць – толькі ўносяць інфармацыю ў камп’ютар з пашпарта.

«Дарога была атмасферная – з абодвух бакоў абнесеная калючым дротам»

– Ад мяжы да горада Фамагуста мы таксама прагуляліся пехатой. Таксі каштавала 20€, але мы вырашылі зэканоміць і ў выніку ішлі больш за гадзіну, прыкладна 5–7 кіламетраў. Рэкамендую тым, хто захоча там пабываць, усё ж браць напракат машыну ці мапед і загадзя даведвацца, ці можна перасякаць на вашым арандаваным транспарце гэту мяжу (у цэлым гэта не забаронена). Я чытаў, што ў такім выпадку на турэцкім баку проста давядзецца заплаціць страхоўку, для машыны каля 20€.

Дарога была атмасферная: з абодвух бакоў яна поўнасцю абнесена калючым дротам, за якім стаяць прыватныя дамы, закінутыя з 1970-х гадоў. Па баках дарогі кожныя метраў 100 вісяць знакі, што фатаграфаванне забаронена, пры гэтым людзей там няма – гэта буферная дэмілітарызаваная зона, якая кантралюецца ААН.

Граніца Паўночнага і Паўднёвага Кіпра.Знакі, якія забараняюць фатаграфаванне і відэаздымку, Паўночны Кіпр.

Таблічка пры ўездзе на турэцкі бок і знакі, якія забараняюць любую здымку. «Выклікалі трывогу, але побач нікога не было – і цікавасць сфоткаць узяла верх».

Што адразу кідаецца ў вочы – гэта розніца ва ўзроўні жыцця. Менавіта ў гэтай частцы Паўночнага Кіпра людзі жывуць бядней, чым у паўднёвай, нават жылыя дамы і машыны ў стомленым стане. Кантраст вельмі моцны.

Большая частка квартала Вароша ў горадзе Фамагуста да гэтага часу недаступная. Каля ўвахода ў раён, дазволены да наведвання турыстамі, стаіць спецыяльны пост з турэцкай аховай. Сек’юрыці ўбачылі, што я здымаю тое, што адбываецца, на камеру, і пачалі распытваць, хто мы: журналісты ці блогеры? Я сказаў, што здымаю для сябе.

Закінуты горад, Паўночны Кіпр.Закінуты дылерскі цэнтр Toyota, Паўночны Кіпр.

Закінуты дылерскі цэнтр Toyota. Уваход ва ўсе будынкі Варошы забаронены, але вядома, што ўнутры захаваліся «новыя старыя» аўтамабілі.

Але галоўны трыгер для ахоўнікаў – каб пры сабе ў турыстаў не было дронаў. Яны агледзелі наш заплечнік, перапытвалі, папярэджвалі, што за здымку з дрона будуць вялікія праблемы. Справа ў тым, што на гэтай тэрыторыі ў іх нейкія вайсковыя аб’екты. Акрамя таго, у турыстычнай зоне ёсць асобныя часткі, дзе стаяць шлагбаумы з вайскоўцамі. Як толькі падыходзіш да іх, яны забараняюць здымаць іх нават знадворку.

Ахоўнік спытаў, адкуль мы, і на адказ «з Беларусі» сказаў: «Окей». Пасля ён пацікавіўся, дзе мы жывём на Кіпры, мы адказалі, што ў Пафасе. Ён пакруціў галавой і крыху зморшчыўся: «Ну, Пафас на грэчаскім баку, мы з імі не сябруем». Была бачная напружанасць адносін паміж Паўночным і Паўднёвым Кіпрам. Не ведаю, як там у агульнай масе, але адзінкавы момант быў.

Былая крама адзення, Паўночны Кіпр.Закінутыя гандлёвыя рады, Вароша, Паўночны Кіпр.

«Некалі гэта былі гандлёвыя рады. Адразу ж карцінкі перад вачыма, як там прадавалі нейкія дарагія брэндавыя рэчы...»

«Узялі ў арэнду суперзабітыя веласіпеды: адзін едзе, а другі ўмее тармазіць»

– Прама на ўваходзе на тэрыторыю, адкрытую для турыстаў, ёсць пара мікракафэшак з вулічнай ежай і пракат веласіпедаў, самакатаў і электрычных гольф-машынак. 4 гадзіны арэнды веласіпеда каштуюць 5€. Але самі яны суперзабітыя – не тое што вельмі дрэнныя, а літаральна развальваюцца. Іх трэба было выбраць самастойна: калі хоць нешта падыходзіць, тады ўжо плаціце.

Я перабраў, мусіць, штук дзесяць. У паловы не працуюць тармазы, у паловы проста няма педаляў – рэальна небяспечнае для перасоўвання смецце. Мы не хацелі аддаваць за самакаты 60€, таму проста выбралі два велікі, якія больш-менш ездзяць: як я жартаваў, адзін едзе, а другі ўмее тармазіць.

Горад Вароша, Паўночны Кіпр, на захадзе сонца.Закінуты катэдж, Вароша, Паўночны Кіпр.

Віды горада і катэдж, які развальваецца. «Былі думкі, наколькі ж людзі былі багатыя, каб мець такі дом...»

За ўвесь дзень мы ўбачылі ўсяго чалавек 20 іншых турыстаў. Цяпер, у красавіку, іх няшмат, але ў сезон павінна быць больш.

Закінуты праваслаўны храм, Паўночны Кіпр.Закінутая канцэртная зала, Вароша, Паўночны Кіпр.

Былы праваслаўны храм і канцэртная зала на тэрыторыі Варошы.

Закінуты квартал Вароша, Паўночны Кіпр.Закінуты квартал Вароша, таблічка Coca-Cola, Паўночны Кіпр.

«Тут жылі людзі, будавалі сваё жыццё – і ім прыйшлося ўсё гэта кінуць»

– Нам вельмі спадабалася: гэта сапраўды ўнікальнае месца, пра якое мы шмат чулі, чыталі і нарэшце змаглі ў яго трапіць. Атмасфера закінутага горада таксама неверагодная, яшчэ і на беразе прыгожага Міжземнага мора. Выглядае ўсё нерэалістычна і таму цікава.

Берагавая лінія з гатэлямі, Паўночны Кіпр.Берагавая лінія з гатэлямі, Вароша, Паўночны Кіпр.

Берагавая лінія з гатэлямі. «Цікава, што ўдалечыні – ржавы кран з 1970-х. Гэта значыць, калі горад пакідалі, ён яшчэ і будаваўся... Такіх кранаў мы бачылі як мінімум тры: горад развіваўся ў момант, калі памёр».

Адначасова, калі гуляеш па Варошы, адчуваеш смутак. Лагічна разумееш, як адбылося, што горад стаў закінутым. Але тут жылі людзі, будавалі сваё жыццё, укладвалі кучу сіл. І па нейкіх ваенна-палітычных прычынах ім прыйшлося ўсё гэта кінуць. Крыху праецыруеш сітуацыю на сябе, з-за гэтага некамфортна і сумна.

Закінутыя гатэлі, Вароша, Паўночны Кіпр.Некалі раскошныя гатэлі, Вароша, Паўночны Кіпр.

Некалі раскошныя гатэлі ў Варошы.

Вядома, я рэкамендаваў бы гэта месца ўсім, хто любіць атмасферу закінутасці і постапакаліпсісу.

Пальма, Вароша, Паўночны Кіпр.Сцягі, Паўночны Кіпр.

Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.

Фота: з асабістага архіва герояў.

Еще по теме:
«Чтобы жить здесь, мне нужно около 3000€». Беларуска переехала на Кипр и рассказывает, что для этого нужно (вдруг вы тоже собираетесь)
Я эмигрировал
Куда беларусам не нужна виза? Тут список стран, куда можно улететь хоть прямо сейчас
Ну, как съездили на Кипр: «На билеты потратили 120 евро, на жилье – 550, но сам остров разочаровал»
Ну, как съездили
поделиться