Фестываль «Карані і Крылы». Фота: арганізатары.

У Варшаве пройдзе класны фестываль ментальнага здароўя для беларусаў. Вось праграма і кошты білетаў

Фестываль «Карані і Крылы». Фота: арганізатары.

17 кастрычніка ў Варшаве адбудзецца псіхалагічны фестываль «Карані і Крылы» для беларусаў. У праграме – лекцыі пра псіхічнае здароўе ў эміграцыі, сямейныя крызісы і сэксуальнасць, а таксама практычныя заняткі, прысвечаныя барацьбе са стрэсам. CityDog.io расказвае падрабязнасці.

мы здесь

Што гэта за фэст?

Фестываль «Карані і Крылы» пройдзе ў Музеі Вольнай Беларусі па адрасе Foksal, 11. Ён будзе цікавы тым, хто хоча лепш разабрацца ў сваім псіхалагічным стане, знайсці ўнутраныя апоры пасля пераезду і пазнаёміцца з іншымі беларусамі.

На працягу дня выступяць псіхатэрапеўты, псіхіятр, сэксолаг, філосафка і спецыялістка па вакальнай тэрапіі. Яны раскажуць, як эміграцыя ўплывае на псіхічнае здароўе і адносіны, калі варта звярнуцца да псіхіятра і як спраўляцца са стрэсам.

Фестываль «Карані і Крылы».

Фестываль «Карані і Крылы». Фота: арганізатары.

Таксама ўдзельнікі абмяркуюць сэксуальнасць беларусаў, уплыў страху на наша жыццё і тое, дзе шукаць надзею ў цяперашняй сітуацыі. Акрамя лекцый, можна будзе паспрабаваць практыкі самадапамогі і даведацца, як выкарыстоўваць голас для працы са стрэсам.

«Сёння здаецца, што з дома можна не выходзіць: любую інфармацыю выдасць ChatGPT, а псіхатэрапію заменіць выпадковы ролік у TikTok. Але сілы не зʼяўляюцца ў ізаляцыі. На фэсце можна будзе атрымаць новыя веды і знаёмствы або проста выдыхнуць і адчуць прысутнасць іншых», – пішуць арганізатары.

Праграма фестывалю

  • 11:00–12:30 – дыскусія «Хто дапамагае табе, пакуль ты дапамагаеш іншым». Размова пра тое, як спецыялістам, якія падтрымліваюць іншых людзей, клапаціцца пра ўласны стан. Далучыцца да дыскусіі змогуць усе ахвочыя.
  • 12:40–13:30 – траўматэрапеўтка Анастасія Старанцова. Тэма выступу – «Слухаючы цела: як нервовая сістэма дапамагае вяртаць сабе апоры ў новым свеце». Удзельнікі пазнаёмяцца з практычнымі інструментамі самадапамогі і паспрабуюць аднавіць адчуванне бяспекі праз кантакт з целам.
  • 13:30–14:30 – псіхатэрапеўтка Ганна Матуляк. Лекцыя «Сямейны крызіс у эміграцыі: чаму пераезд змяняе стасункі мацней, чым падаецца» будзе прысвечана таму, як эміграцыя ўплывае на пары, змяняе сямейныя ролі і абвастрае канфлікты. Таксама абмяркуюць, ці можна выкарыстаць крызіс для развіцця адносін.
  • 14:30–15:30 – псіхіятр Уладзімір Пікірэня. Выступ «Псіхічнае здароўе ў эміграцыі» прысвецяць уплыву пераезду на мозг і нервовую сістэму, трывожнасці, ПТСР і дэпрэсіі. Спецыяліст таксама раскажа пра медыкаментозную падтрымку і пра тое, калі варта звярнуцца да псіхіятра.
  • 15:30–16:30 – сэксалагіня Зоя Прышывалка. Лекцыя «Сэксуальнасць беларусаў: што можна пабачыць, калі спытаць» будзе прысвечана вынікам даследавання пра сэксуальныя жаданні, задаволенасць, сорам і размовы з партнёрам.
  • 16:30–17:30 – філосафка Таццяна Шчытцова. Падчас выступу «Страх і надзея ў сучаснай беларускай сітуацыі» абмяркуюць, як страх уплывае на жыццё беларусаў па абодва бакі мяжы і якое месца застаецца для надзеі.
  • 17:30–18:30 – спецыялістка па вакальнай тэрапіі Марына Руся Шукюрава. На занятку «Вакальная і музычная тэрапія: як уласны голас вяртае глебу» раскажуць пра працу са стрэсам і нервовай сістэмай з дапамогай голасу і традыцыйных спеваў.

Колькі каштуюць білеты

На сайце фестывалю пазначаны тры варыянты білетаў:

  • 90 зл. – са скідкай 25%. Яна дзейнічае да 15 кастрычніка. 
  • 120 зл. – звычайны білет.
  • 150 зл. – білет «Крылы для фэсту». Дадатковыя 30 зл. дапамогуць арганізатарам пакрыць выдаткі на правядзенне мерапрыемства.

Набыць білеты можна на сайце фестывалю ў раздзеле «Квіткі».

  • Калі: 17 кастрычніка 2026 года.
  • Дзе: Музей Вольнай Беларусі, Foksal, 11, Варшава.

Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.

#Минск #Беларусь
Еще по теме:
29-й Манхэттенский фестиваль короткометражного кино пройдет в Минске. Эти фильмы одновременно покажут в 500 городах мира – не пропустите
поделиться