«Для нармальнага жыцця трэба не так шмат, як здавалася раней». Беларус з’ехаў з горада ў вёску і завёў блог – вось яго гісторыя

«Для нармальнага жыцця трэба не так шмат, як здавалася раней». Беларус з’ехаў з горада ў вёску і завёў б...
Яўген называе сябе бульба-інвестарам, SMS-калгаснікам і нейраселянінам. Вось ужо два гады беларус жыве ў вёсцы Лукашына Іўеўскага раёна. У сваіх сацсетках ён расказвае, як наладжвае побыт, з кім сябруе і як спрабуе знайсці каханне ўдалечыні ад горада. CityDog.io вывучыў блог беларуса і пераказвае яго гісторыю.

Яўген называе сябе бульба-інвестарам, SMS-калгаснікам і нейраселянінам. Вось ужо два гады беларус жыве ў вёсцы Лукашына Іўеўскага раёна. У сваіх сацсетках ён расказвае, як наладжвае побыт, з кім сябруе і як спрабуе знайсці каханне ўдалечыні ад горада. CityDog.io вывучыў блог беларуса і пераказвае яго гісторыю.

«У горадзе адчуваў сябе не на сваім месцы»

Яўген нарадзіўся ў Лідзе. Але маленькім хлопчыкам праводзіў шмат часу ў вёсцы Лукашына ў 40 кіламетрах ад Ліды – там жылі яго бабуля з дзедам.

У 17 гадоў хлопец паступіў у БДУ – студэнцкія гады ён правёў у Мінску. Пасля яшчэ 13 гадоў пражыў у Гомелі. За гэты час Яўген наведваў вёску ўсяго некалькі разоў, але ўжо пачынаў задумвацца пра вяртанне туды.

– Я ў горадзе адчуваў сябе не зусім на сваім месцы – шмат на гэта паўплывала мая праца. Пасля таго, як я пачаў чытаць Facebook Горвата (Андрусь Горват – беларускі пісьменнік, як пераехаў з Мінска ў вёску. – Рэд.), у мяне сталі таксама з’яўляцца думкі пра пераезд. Маўляў, як бы добра было жыць у вёсцы: іншы лад жыцця, нікуды не трэба спяшацца. Але на той момант мяне спыняла, што я не змагу тут уладкавацца, знайсці працу. Карацей, не быў гатовы, але марыў, – расказвае Яўген.

Яўген і яго малодшы братЯўген, яго малодшы брат і бабуля

Яўген разам з малодшым братам і бабуляй.

«Надышоў час вяртацца на радзіму»

Канчаткова на пераезд беларус вырашыўся ў 2022 годзе. Апошнім штуршком стала тое, што хлопец перайшоў на фрыланс: цяпер у горадзе яго больш нічога не затрымлівала.

– Я вырашыў, што пара вяртацца на радзіму – надышоў час. Для мяне самога, бацькоў і сяброў гэта рашэнне стала навіной. Спачатку я падумаў, што пабуду ў вёсцы тыдзень, калі што – вярнуся ў Ліду. Але я застаўся на ўвесь час.

У першую ноч, якую я правёў у Лукашыне, было досыць холадна. Яшчэ не быў зроблены рамонт у хаце. Я наўпрост наносіў дроў, накрыўся дзедаўскім ватнікам – не памятаю, як і калі я так добра спаў. Гэта мне таксама падказала, што трэба заставацца, бо адчуваю тут сябе спакойна і камфортна.

Літаральна праз два тыдні, як я пераехаў у вёску, рэалізаваў сваю даўнішнюю мару – завёў сабаку. Нехта выкінуў шчанюкоў, валанцёры іх знайшлі, і я аднаго забраў.

Сабака ЯўгенаХата ў вёсцы Лукашына, Іўеўскі раён

Сабака Яўгена і яго хата ў Лукашыне.

– Дом быў не зусім пусты. Пасля таго, як дзед з бабуляй памерлі, бацькі выкарыстоўвалі яго як лецішча. Напрыклад, былі электрычны імбрык і мікрахвалёўка. Але ў хаце няма вады і прыбіральні. Зразумела, што гэта выклікае пэўныя нязручнасці, але ў асноўным толькі зімой.

Паступова з дапамогай родных я пачаў рабіць рамонт. Адрамантаваў печ, паклеіў шпалеры, часткова замяніў тэхніку і мэблю, пабудаваў летні душ – мыцца ў ім можна з сакавіка па лістапад. У гэтым годзе планую нарэшце зрабіць нешта з вадой. Але ўсё гэта патрабуе грошай.

«Пачуў цікавую размову на вуліцы, запісаў і адразу выклаў»

– Расклад жыцця ў вёсцы прыкладна такі: падымаюся я звычайна рана, недзе а шостай раніцы. Выпускаю сабаку на двор і саджуся працаваць за камп’ютар. Пасля раблю што-небудзь па гаспадарцы. Зразумела, што зімой на гэта патрабуецца менш часу, але летам трэба і траву пакасіць, і нешта ўскапаць, і дровы накалоць – працы заўсёды хапае. Потым абедаю і да вечара зноў саджуся за асноўную працу. Перад сном магу ці кніжку пачытаць, ці серыял паглядзець. На выхадных імкнуся вызваляць сябе час, бо я велааматар і люблю ездзіць па навакольных вёсках, фатаграфаць іх, – расказвае Яўген.

Пасля пераезду ў вёску беларус пачаў развіваць свае сацсеткі. У іх хлопец публікуе нататкі, відэаскетчы ды здымкі.

– Ніякага кантэнт-плана я не маю. Наўпрост ідэя прыходзіць у галаву, натхняюся – і раблю. Напрыклад, у Telegram-канале люблю пісаць нейкія свае ўспаміны. Ролікі і фота робяцца ў моманце: заважыў нешта ці пачуў цікавую размову на вуліцы – запісаў і адразу выклаў.

Адназначна, калі б я жыў у горадзе, такога кантэнту не з’явілася б. Я быў бы падобны на многіх людзей, якія там ходзяць, і наўрад ці адрозніваўся б ад іх. У вёсцы ўсё ж такі прасцей.

Я бачу, што ўсё больш людзей цікавіцца вёскай і хоча туды пераехаць. Для некаторых яна робіцца спосабам унутранай эміграцыі. Таксама мяне чытае шмат людзей, якія ці жылі ў наваколлі, ці ўвогуле з’ехалі з Беларусі. Часам я атрымліваю просьбы з’ездзіць у пэўную вёску, сфатаграфаваць дом і даслаць – бо ў чалавека ў гэтай хаце прайшло дзяцінства. Я гэта раблю і лічу карыснай справай – дапамагаю людзям захаваць сувязь з мясцінамі.

«Калі прыязджаю ў горад, то хутка стамляюся»

– У Лукашыне каля 150 дамоў, з іх пастаянна жылых – каля 50. Жыхароў каля ста чалавек: моладзі няма, у асноўным гэта людзі, старэйшыя за мяне. У вёсцы мяне ўспрымаюць за свайго, бо раней я праводзіў тут шмат часу. Акрамя таго, мае бабуля з дзядулем былі вельмі паважанымі людзьмі. Бабуля працавала ў школе – усіх, хто жыве ў вёсцы і наваколлі, яна вучыла. Дзед быў механізатарам у мясцовым калгасе, да яго часта прыходзілі па дапамогу і за парадамі. Таму добрае стаўленне да іх перанеслася і на мяне.

У вёсцы нармальна, калі ты прыходзіш да суседа і нешта ў яго просіш. Напрыклад, трэба нешта тэрмінова зрабіць па гаспадарцы, а ў адзіночку гэта не атрымаецца – тады звяртаешся да суседа. Але, напрыклад, калі адзначаюцца нейкія святы, то ў Лукашыне гэта прынята рабіць паасобку, сваімі калектывамі.

Яўген разам з яго сабакамЯўген у вёсцы Лукашына, Іўеўскі раён 

– Не сказаць, што я шмат камунікую з суседзямі, – усё ж такі ў нас крыху розныя інтарэсы. Але сябры ў мяне ўсё ж такі з’явіліся: яны прыязджаюць у суседнюю вёску, мы перыядычна сустракаемся, ладзім кінапрагляды, п’ём каву, ходзім у грыбы і лазню, размаўляем.

Каб падтрымліваць стасункі з іншымі сябрамі або калі з’яўляюцца справы, я прыязджаю ў горад. Таксама ў мяне засталася дачка пасля першага шлюбу, я яе вельмі люблю, і мы падтрымліваем блізкія стасункі. Але калі я прыязджаю ў горад, то хутка стамляюся. Бо ўжо прызвычаіўся да іншага.

«Галоўным мінусам для мяне стаў пошук дзяўчыны»

Беларус расказвае, што жыццё ў вёсцы мае пэўныя перашкоды. Але амаль да ўсіх з іх Яўген прызвычаіўся і не лічыць вялікай праблемай. Адзінае, чаго не хапае хлопцу, – сапраўднага кахання.

– У вёсцы няма крамы. Каб у яе трапіць, трэба пяць кіламетраў праехацца ў райцэнтр. Аўталаўка ў Лукашына ходзіць тры разы на тыдзень. Але да гэтага досыць хутка прывыкаеш.

Не тое, каб мне было цяжка, але зімой складаней кудысьці выехаць, каб сустрэцца са знаёмымі. Таму, бывае, адзінота накатвае.

І, зразумела, праца. Калі ты не можаш працаваць анлайн, тады не ведаю, што рабіць, бо з іншымі варыянтамі тут складана. Я і цяпер, шчыра кажучы, шукаю працу, якая б дазволіла мне стала працаваць анлайн.

Але галоўным мінусам для мяне стаў пошук дзяўчыны. Зразумела, знайсці тут чалавека складана. Калі я ўжо правёў пэўны час у вёсцы і адпачыў ад людзей, зразумеў, што хацеў бы з кім-небудзь пазнаёміцца. Сябры параілі сайты знаёмстваў, але я адразу зразумеў, што гэта не маё. Тады мне ў галаву прыйшла думка: у мяне ж ёсць сацсеткі, чаму б праз іх не паспрабаваць? У Instagram я напісаў, што шукаю дзяўчыну, – гэта атрымала шырокі водгук, шмат хто дзяліўся кантактамі, раіў сваіх знаёмых дзяўчат.

Так я з адной дзяўчынай і пазнаёміўся. Мы некалькі разоў сустрэліся, але далей справа не пайшла. Так пакуль да гэтага часу ў мяне нічога і не атрымліваецца. Я не гатовы пераязджаць у горад, каб жыць там пастаянна, а, у сваю чаргу, не ўсе дзяўчыны хочуць пераязджаць у вёску.

@evgenirum

Сігма Вёска Бой #вёска #деревня #беларусь #sigmaboy

♬ Sigma Boy - Сигма Бой - Betsy & Мария Янковская

«У вёсцы людзей судзяць па тым, што яны робяць, а не па знешнім выглядзе»

– Галоўным плюсам жыцця ў вёсцы для мяне стала тое, што тут час ідзе па-іншаму. Ніхто нікуды не спяшаецца, таксама паспяваеш зрабіць больш з таго, што запланаваў. Здаецца, у вёсцы прасцей знаходзіцца ў добрым настроі і глядзець на сусвет больш гумарыстычна.

Тут людзі не мераюцца, хто ў што апрануты і ў каго тэлефон лепшы. У мяне, напрыклад, досыць яскравы выгляд – маю шмат татуіровак. Шчыра кажучы, я думаў, што людзі будуць пытацца наконт іх, бо ў горадзе такое часцяком здаралася. Але ў вёсцы ў мяне ніхто не пытаўся – тут людзей судзяць па тым, што яны робяць, а не па знешнім выглядзе.

Пакуль я з’язджаць не планую. Дарэчы, у верасні мінулага года я прапісаўся ў вёсцы – раней у мяне была лідская прапіска. Таму цяпер я афіцыйна лічуся вясковым.

У Лукашыне заўсёды ёсць занятак. У любы час я магу выйсці на двор, каб галава адпачыла ад працы. Або можна паехаць у лес ці пайсці за грыбамі. Я зразумеў, што для нармальнага жыцця насамрэч трэба не так шмат, як здавалася раней.

 

Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.

Фота: Unsplash.com, https://t.me/lukadzen. Відэа: instagram.com/evgenirum.

#Беларусь
Еще по этой теме:
Айтишник пожил в Минске и вернулся в родной город – и вот каково это. «В Мозыре было чувство, что тут к тебе никто не постучит в двери»
«Мне кажется, что сейчас стало немного поспокойнее». Могилевчанин – о том, почему ему нравится жить в родном городе
«Если бы я поддался рутине, то спился бы». Семья переехала из города в забытую деревню, где у них родилось четверо детей – и они счастливы
поделиться