Улады хочуць аднавіць знішчаны ў 1950-х гадах храм, падмурак якога знайшлі толькі ў 2016 годзе. Яны ўжо заклалі капсулу з граматай, падпісанай архіепіскапам Сафроніем і мэрам горада, і прачыталі малітву.
У Магілёве збіраюцца аднавіць Свята-Траецкі храм, які існаваў з XVIII стагоддзя, але быў зруйнаваны ў савецкі час, паведамілі дзяржжурналісты. Ён быў заснаваны ў 1792 годзе па благаславенні Георгія Каніскага. Паводле некаторых звестак, яго асвячалі ў прысутнасці імператара Аляксандра I. Падчас Другой сусветнай вайны будынак быў пашкоджаны, а ў 1950-х цалкам знішчаны падчас будаўніцтва моста.

Свята-Траецкі храм. Фота: «Звязда».
У 2016 годзе, калі ішла рэканструкцыя моста імя Яшына, рабочыя знайшлі рэшткі падмурка храма. Іх пакінулі на адкрытым паветры, зрабілі часткай турыстычнага маршруту і музеефікавалі.
Паводле краязнаўца Аляксандра Белахвостава, Траецкая царква – адзін з візуальных сімвалаў Магілёва. Яна захавалася на гравюрах мастака Напалеона Орды і на старых паштоўках. Акрамя таго, у Нацыянальным архіве захоўваецца самы вялікі ў Магілёве царкоўна-прыходскі архіў менавіта гэтай святыні.
У планах – стварэнне прыхода і пачатак будаўніцтва. Па словах краязнаўцы, ужо ёсць эскізны праект і людзі, гатовыя фінансава падтрымаць ідэю.