«Белрэстаўрацыя» паказала, як могуць выглядаць інтэр’еры вежы Шчытоўкі Навагрудскага замка пасля яе рэканструкцыі.
Галоўную вежу Навагрудскага замка плануюць аднавіць да гістарычных памераў і арганізаваць у ёй музей. Згодна з рэндэрам, унутры вежы будзе шматузроўневая прастора, а на верхніх ярусах можна будзе ўбачыць экспанаты.

Унутры вежы архітэктары вырашылі зрабіць металічную лесвіцу, якая звяжа ўсе шэсць узроўняў. Яшчэ адным іх рашэннем сталі старажытныя падмуркі і сцены вежы на ніжнім ўзроўні.


На верхніх ярусах вежы Шчытоўкі будуць размешчаны экспанаты ў халодным музеі – прадметы і артэфакты, знойдзеныя археолагамі падчас раскопак на Замкавай гары.

Акрамя таго, музей для наведвальнікаў абсталююць мультымедыйнымі тэхналогіямі, а на верхнім ярусе можна будзе скарыстацца канферэнц-залай і залай для часовых экспазіцый у цёплую пару года.
Аднак чакаць завяршэння рэстаўрацыі варта не толькі дзеля новых інтэр’ераў, але і каб убачыць адну з самых старых прыбіральняў – данскер. Гэта канструкцыя ў выглядзе эркера, які выступае за межы асноўнай сцяны.

Навагрудскі замак – унікальны помнік абарончага дойлідства Сярэднявечча. Першапачаткова, у XI стагоддзі, ён быў драўляным, а з XIV стагоддзя – мураваным і складаўся з сямі вежаў.
Да нашых дзён захаваліся толькі дзве паўразбураныя вежы: Шчытоўка і Касцельная. Замак служыў месцам каранацыі князя Міндоўга і быў адным з найбуйнейшых і непрыступных ва Усходняй Еўропе, дзе праводзіліся важныя палітычныя падзеі. Ён быў разбураны падчас Паўночнай вайны (1700–1721 гг.).
Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.
Фота: «Белрэстаўрацыя».