Беларусы ўзялі прыз сімпатый гледачоў на фестывалі 48HourFilm Project у Варшаве. Беларуская каманда была адзінай замежнай сярод 63 каманд-удзельніц з Польшчы.
У склад беларускай каманды No time to explain, якая сабралася ў CreateCulture Studio у Вільнюсе, уваходзіла 12 беларусаў і беларусак, якія з’яўляюцца як прафесіяналамі кіно (аператары, сцэнарысты, акцёры), так і аматарамі-энтузіястамі.


48-гадзінны кінапраект – гэта глабальнае кінаспаборніцтва, якое праходзіць у больш чым 100 гарадах свету на працягу года. У кожным горадзе збіраюцца мясцовыя кінакаманды, якія спаборнічаюць у стварэнні кароткаметражнага фільма за 48 гадзін.
Усім камандам даецца аднолькавае заданне: пэўны персанаж, сюжэтная лінія і рэквізіт, які абавязкова трэба выкарыстаць у кароткаметражным фільме.
Дарэчы, каманда CreateCulture Group самастойна ладзіць 48-гадзінныя кіначэленджы ў Вільнюсе пад назвай «КінаКаляды48».
Далучыцца да ўдзелу магчыма і анлайн. Наступны open call будзе напрыканцы лістапада.
Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.