Беларуская спявачка Святлана Бень рыхтуе да выдання дзіцячую кнігу «Беспрацоўнае дрэва» з ілюстрацыямі Ліны Хесе, але наклад будзе надрукаваны толькі пры дастатковай колькасці перадзамоў.
Як піша аўтарка кнігі ў сваім інстаграме, гэта гісторыя пра дрэва, якое вымушана пакінуць парк, дзе ўсё жыццё «працавала» дрэвам. Яго дарога – поўная прыгод, цудаў, небяспек і нечаканых сустрэч. Кніга закранае важныя тэмы сяброўства, пошуку сябе і дапамогі іншым.
Выдавецтва «Мяне няма» гатовае выдаць кнігу, калі чытачы падтрымаюць праект. Аформіўшы перадзамову, можна не толькі атрымаць выданне на беларускай мове, але і дапамагчы кнізе «з’явіцца» на свет. Кошт кнігі ў цвёрдай вокладцы па перадзамове – 70 зл.
Калі памятаеце, CityDog.io пісаў, што апошні альбом «Прыём!» у Святланы Бень выйшаў у снежні 2022 года, і гэта была першая паўнафарматная студыйная праца беларускай спявачкі з часоў альбома «Музыка – усё!» (2015) гурта «Серебряная свадьба».
Вяртанне вакалісткі і аўтаркі песень адбылося ў тандэме з мультыінструменталісткай і саўндпрадзюсаркай Галяй Чыкіс (яна ж Chikiss).
Абедзве выраслі ў Віцебску, а цяпер зноў аб’ядналіся ў Берліне, куды Святлана Бень пераехала летам 2022-га. Там жа яны запісалі свой сумесны альбом «Прыём!».
Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.