Учора, 16 верасня, выдавецтва «Папуры» выпусціла на беларускай мове два настольныя календары на 2026 год. Абодва ўжо можна замовіць на Wildberries, а ў кнігарнях яны з’явяцца на гэтым тыдні. Унутры – аўтарскія малюнкі, натхняльныя фразы і бонусы.
«Мой дзівосны 2026» – гэта настольны адрыўны каляндар з малюнкамі ілюстратаркі Аляксандры Атлас і стыкерамі ў падарунак. Кошт на Wildberries – 69,54 руб.


Настольны каляндар. Фота: Wildberries.by.
У камплекце таксама ёсць падстаўка на магнітах і падарункавая скрынка. Старонкі календара можна выкарыстоўваць як нататкі, віншаванні, закладкі ці часткі для калажаў і дошак жаданняў. Каляндар мае фармат 100×170 мм і перфарацыю для лёгкага адрыву лістоў.
Другі каляндар – «Мой каштоўны 2026» – вялікага фармату. Яго стварылі псіхалагіня і блогерка Вера Сірата разам з дызайнеркай Юліяй Гайдук. Кошт на Wildberries – 80,63 руб.
«Падрабязней пра абодва календары раскажам пазней!» – паабяцалі ў выдавецтве.
«Папуры» – гэта беларускaе выдавецтва, якое працуе з 1992 года. Спецыялізуецца на кнігах па самаразвіцці, псіхалогіі, бізнесе, здароўі і творчасці. За гэты час выдала больш за 5000 кніг.
Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.