Ініцыятыва MALDZIS, якая папулярызуе беларускія імёны і славутасці, а таксама шукае і набывае культурна-гістарычныя каштоўнасці за мяжой для перадачы ў музеі Беларусі, выкупіла адзін з найбольш знакавых кніжных помнікаў, створаных беларусамі, – першае выданне «Жазла кіравання» («Жезлъ правленіѧ») Сімяона Полацкага.
Што за кніга?
«Жазло кіравання» была надрукавана ў Маскве ў 1667 годзе на царкоўнаславянскай мове і належыць да надзвычай рэдкіх артэфактаў. Гэта першая выдадзеная кніга беларускага манаха-асветніка Сімяона Полацкага.


З’яўленне на свет «Жазла кіравання» адбылося падчас жыцця Сімяона ў Маскве, куды ён пераехаў з Полацка каля 1664 года, і было створана на падставе даручэння двух патрыярхаў – Александрыйскага і Антыяхійскага, а таксама мітрапаліта Газы, якіх Сімяон суправаджаў падчас царкоўнага сабора 1666–1667 гадоў у Маскве ў якасці сакратара і перакладчыка.
Змест кнігі прысвечаны аналізу памылак і разыходжанняў з вучэннем Царквы ў выступленнях старавераў. Свае довады асветнік грунтуе на фактах і лагічнасці разважанняў, што тады ўспрымалася як навацыя і «лацінства» ды ўпісвала «Жазло кіравання» ў плынь палемічнай літаратуры.


А для чаго яе выкупілі?
Кніга была набыта ў Польшчы ініцыятывай MALDZIS, якая атрымала назву ў гонар Адама Мальдзіса, які шукаў і вяртаў з забыцця страчаныя беларускія каштоўнасці і імёны.
У будучыні «Жазло кіравання» будзе перададзена ў Музей-бібліятэку Сімяона Полацкага ў якасці грамадскага падарунка: у выніку шматпакутнага гістарычнага развіцця ў Беларусі засталося вельмі мала выданняў знакамітага палачаніна. Да вяртання ў Полацк кніга будзе выстаўляцца падчас адмысловых мерапрыемстваў за межамі Беларусі.

Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.
Фота: Аліна Мазавец.