На аўкцыён выставілі будынак – частку рэзідэнцыі апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага, пiша Telegram-канал «Urban Hrodna – городская среда Гродно».
Будынак размешчаны па адрасе Прагулачная, 15/1. Плошча – 271,2 кв. м. Да палаца яшчэ адносіцца зямельны ўчастак плошчай 0,1054 га. Пачатковая цана былога палаца – 70,2 тыс. руб. (21 000$). Таргі адбудуцца 12 лістапада.
Гэта не першая спроба прадаць былую рэзідэнцыю ў Панямуні. Вясной 2023 года яе выставілі на продаж за 374 000 руб. Пасля кошт зніжалі: у верасні 2024-га цана ўпала на 50% і склала 175,5 тыс. руб.



Палац пабудавалi ў 1771 годзе ў стылі позняга барока. Спачатку там была рэзідэнцыя караля, пазней – сядзіба шляхецкіх родаў. Сёння ад арыгінальнага будынка засталіся толькі фрагменты сцен, да якіх у савецкі час былі дабудаваны двухпавярховыя жылыя памяшканні.
Фота: «Urban Hrodna – городская среда Гродно».