На днях праект Belarus Traditional Interior абвясціў пра выхад сваёй першай кнігі – «Традыцыйны інтэр’ер. Асобы». У ёй праз фотаздымкі інтэр’ераў і гісторыі людзей паказваюць жыццё ў беларускіх вясковых хатах.
«Кніга, у якой вясковыя інтэр’еры паказаны праз фотаздымкі інтэр’ераў, фотапартрэты, а таксама фота посцілак і ручнікоў, покуці і вышывак; і расповеды пра сваё жыццё 9 жыхароў розных пакаленняў з Беларусі. Кніга вялікая – 272 старонкі на ангельскай і беларускай мовах. Кошт кнігі складзе каля 60 еўра, ці 200 беларускіх рублёў», – падзяліліся падрабязнасцямі аўтары праекта.


Кніга «Традыцыйны інтэр’ер. Асобы». Фота: @belarus_traditional_interior, Instagram.com.
Сярод герояў кнігі – 80-гадовы Дзед Касмач з-пад Валожына, які, паводле яго слоў, вылечыўся святой вадой і малітвамі ў часы СССР, калі вера была пад забаронай. Таксама ў кнізе расказваецца пра Кацярыну Панчэню – вядомую як Баба Каця з вёскі Пагост. Яна стварыла хату-музей і шмат зрабіла для традыцыйнай культуры.
Друкуюць кнігу самі аўтары праекта, цяпер яны збіраюць бясплатныя перадзаказы.
Дарэчы, на днях CityDog.io расказваў, што беларуская мастачка і архітэктарка з нікам h_kaspiarovich апублікавала ў Threads праект інтэр’ера ў сучасным беларускім стылі. Усяго за суткі яе пост набраў больш за 1500 лайкаў і каля 130 каментарыяў.
Архітэктарка патлумачыла, што ў аснове такога інтэр’ера – «этнакод». Пры гэтым яна падкрэслівае, што ён не павінен кідацца ў вочы.
Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.
















