У выдавецтве Рамана Цымберава выходзіць унікальны альбом «Традыцыйныя строі Беларусі». Яго падрыхтавала беларуска з ЗША, якая за ўласныя грошы збірае ўнікальную калекцыю беларускіх народных строяў.
Што гэта за дзяўчына
Гэта мінчанка Воля Дземка – яна шмат гадоў жыве ў Злучаных Штатах: зняла фільм пра Беларусь, збірае народныя строі, выступае з уласным ансамблем беларускай песні. Памятаеце, мы пісалі пра Вольгу летась?

– У Амерыцы ў нас былі сваякі, і мае бацькі вырашылі туды ехаць у годзе 2002-м, а я пераязджаць не хацела. Яны проста прадалі нашу кватэру ў цэнтры Мінска і сказалі: «Ну, як хочаш». Праз паўгода я набыла квіток у Беларусь у адзін канец: усё, вяртаюся.
Тады родныя ўгаварылі дзяўчыну застацца ў ЗША хоць бы на некалькі гадоў. Яе сям’я пасялілася ў спальным раёне невялікага гарадка Спакан, які нагадваў Бабруйск. Пасля жыцця ў цэнтры Мінска жыць на ўскраіне «амерыканскага Бабруйска» было нялёгка.
Хоць Вольга з дзяцінства захаплялася беларускім фальклорам і народнымі спевамі, яна паступіла на хімфак БДУ. Але ў ЗША дзяўчына атрымала ступень бакалаўра па фота- і відэавытворчасці. І пачала здымаць фільмы і рэкламныя ролікі.
– Ці хацела б я зараз жыць у Беларусі? З аднаго боку, так, з іншага – я адчуваю сябе на сваім месцы, бо тое, што раблю тут для беларускай культуры, у Мінску не зрабіла б ніколі. А калі зрабіла б, то гэта не мела б такога ўплыву, як тут, – лічыць Воля.
Дарэчы, з «амерыканскага Бабруйска» яна даўна з’ехала ў Сіэтл. Тут Воля і падрыхтавала свой першы каталог беларускіх народных строяў.
Што яшчэ за каталог?
У 2021 годзе свет пабачыў каталог «Беларускі строй»: у ім Вольга змясціла вялікую калекцыю, якую збірала некалькі гадоў.
– Неяк я ўбачыла дзве гарадзенскія наміткі. Звязалася са сваімі дзяўчатамі: калі мы зараз іх не купім, ніколі не купім. Мы папілі валяр’янкі, бо яны каштавалі шалёна, скінуліся і купілі адну, а на наступны дзень другой ужо не было. Антыквары, якія ведаюць каштоўнасць тэкстылю, выстаўляюць завышаны кошт. А ёсць тыя, каму строі перападаюць выпадкова, і яны прадаюць у чатыры разы ніжэй. Напрыклад, на «Куфары» я неяк набыла тры навагрудскія спадніцы па пары долараў за кожную.
А зараз Воля выдала другі, больш поўны і прапрацаваны альбом «Традыцыйныя строі Беларусі».








На сёння ў калекцыі 32 поўныя камплекты жаночага і 3 камплекты мужчынскага адзення з 234 прадметаў і аксесуараў, якія датуюцца 1880–1940-мі гадамі, якія вы можаце пабачыць на 140 старонках поўнакаляровага альбома Волі.
Усе мадэлі ў альбоме – беларусы, якія жывуць у Сіэтле.
Як можна заказаць альбом
Ці наўпрост у Волі, ці вось тут.
Фота: Volya.weebly.com.