Марыя марыла пра сабаку, але хвалявалася: з кім пакідаць гадаванца, калі трэба з’ехаць? Каб разабрацца, яна сама пачала браць жывёл на ператрымку. Потым вырашыла стварыць сэрвіс заанянь Petsfriend. CityDog.io расказвае, колькі каштаваў запуск, чаму першы месяц прынёс усяго 13 рублёў і як каманда дапамагае гаспадарам у самых нечаканых сітуацыях.
Усё пачалося з жадання завесці сабаку
У сям’і Марыі заўсёды былі жывёлы, але сабаку, пра якога яна марыла, не заводзілі. Калі з’явілася такая магчымасць, яна задумалася: з кім пакідаць гадаванца на час ад’езду? Знаёмыя расказалі пра ператрымку, але іх досвед быў няўдалым. Каб разабрацца, Марыя вырашыла сама прыгледзець за чужой жывёлай.
Першая спроба прайшла добра, і яна працягнула браць гадаванцаў. Бізнес ствараць не планавала, але заўважыла: многія нават не ведаюць пра заанянь і пакідаюць жывёл у родных або зоагасцініцах. Так узнікла ідэя пляцоўкі, дзе гаспадары маглі б выбіраць сітараў – людзей, якія прыглядаюць за гадаванцамі.
Да гэтага Марыя скончыла БДЭУ і займалася фінансаваннем здзелак у лізінгавых кампаніях. За прадпрымальніцтвам назірала праз досвед мужа, які разам з партнёрамі развіваў сваю кампанію.
Як знайсці зааняню і колькі гэта каштуе?
Petsfriend працуе як пляцоўка для пошуку чалавека, якому можна даверыць гадаванца. Уладальнік рэгіструецца, запаўняе інфармацыю пра жывёлу – узрост, вагу, характар і звычкі. Паводле гэтых даных сістэма падбірае прыдатных сітараў. Далей гаспадар звязваецца з выканаўцам і абмяркоўвае ўмовы ператрымкі або выгулу. Пасля аказання паслугі сітар плаціць пляцоўцы камісію.
У інтэрв’ю парталу Probusiness Марыя расказвала, што ператрымка ў сярэднім каштуе каля 30 рублёў у суткі, а адзін выгул – 15 рублёў. Пры гэтым выканаўцы самі вызначаюць цэны.

Марыя, стваральніца праекта. Фота: Myfin.by.
Паўгода – і больш за 12 тысяч долараў на распрацоўку сайта
Сайт Petsfriend распрацоўвалі спецыялісты. Паводле Марыі, на гэта пайшло каля шасці месяцаў і больш за 12 тысяч долараў з асабістых зберажэнняў. Плацілі паэтапна, яшчэ каля трох тысяч склалі дадатковыя выдаткі. Сэрвіс запусцілі ў верасні 2024 года.
Каб знайсці першых кліентаў, каманда выкарыстоўвала рэкламу і прасоўванне ў пошукавых сістэмах, раздавала ўлёткі ў кавярнях, куды пускаюць з сабакамі, дамаўлялася пра супрацоўніцтва з установамі і забудоўшчыкам жылога комплексу.
Як расказвае Марыя, частка ўладальнікаў жывёл упершыню чула пра ператрымку ў сітара. Іншыя ведалі пра такую паслугу, але сумняваліся, ці можна пакінуць гадаванца незнаёмаму чалавеку. Таму даводзілася тлумачыць, як гэта працуе.
Першы заказ прынёс 13 рублёў. Заробленае вырашылі ўкладваць у развіццё
За першы месяц паступіў усяго адзін заказ, які прынёс 13 рублёў. Пазней заказаў стала больш. У інтэрв’ю Myfin.by Марыя расказвала, што сэрвіс выконвае каля 100 заказаў у месяц, а летам – прыкладна ўдвая больш. Многія кліенты вяртаюцца, а некаторыя ўжо зімой шукаюць, з кім пакінуць гадаванца на час летняга адпачынку.
Ва ўдалы месяц з 200 заказамі сэрвісу ўдавалася зарабіць каля 6000 рублёў. Але з гэтай сумы трэба было аплачваць працу пляцоўкі і яе прасоўванне. Акрамя хостынгу і юрыдычнага адраса, значная частка выдаткаў прыпадала на рэкламу: у сярэднім 1500 рублёў на кантэкстную рэкламу, яшчэ 600 – на рэкламу ў Instagram і 500 – на яе наладжванне.
«Прынялі стратэгічнае рашэнне на працягу года рэінвеставаць, а не выводзіць грошы. Нам цікава павялічыць бюджэт на рэкламу і зняць пабольш ролікаў», – тлумачыла Марыя ў інтэрв’ю Myfin.by.
На момант інтэрв’ю для Myfin.by, а гэта было ў лютым 2026 года, заробак з праекта яна сабе не выплачвала і жартавала, што пакуль атрымлівае яго станоўчымі водгукамі кліентаў. Пры гэтым старалася перадаваць частку працы спецыялістам: у камандзе ўжо з’явіліся таргетолаг і бухгалтар. У будучыні Марыя разглядала магчымасць наняць маркетолага.
За сабой яна пакінула вядзенне сацсетак. А яшчэ працягнула браць жывёл на ператрымку і выгульваць сабак – на тых жа ўмовах, што і іншыя сітары сэрвісу.
Каты хаваліся ад сітараў, а сабаку шукалі ператрымку за тры гадзіны да Новага года
Часам гадаванцы прымушаюць заанянь панервавацца. У сваіх інтэрв’ю Марыя расказвала, як сітары тройчы «гублялі» катоў у кватэры. Жывёлы проста хаваліся ў незнаёмым месцы, і знайсці іх было няпроста. Марыя асабіста прыязджала на дапамогу: аднаго ката знайшлі пад ваннай, іншых – за кухонным фасадам і халадзільнікам.
Бываюць і тэрміновыя звароты. Напрыклад, Марыя згадвала званок 31 снежня: сабака на прыватнай ператрымцы не ўжыўся з іншым сабакам, і яго трэба было забраць. Да Новага года заставалася тры гадзіны, але праз чат сітараў каманда хутка знайшла чалавека, гатовага прыняць гадаванца.
Іншая кліентка, паводле слоў Марыі, адмовілася ад шпіталізацыі ў перадынфарктным стане: ёй не было з кім пакінуць сабаку. Пазней яна патэлефанавала даведацца, ці дапаможа сэрвіс, калі гэта паўторыцца.
Жанчыне растлумачылі, што ў экстранным выпадку па гадаванца могуць прыехаць і забраць яго на ператрымку. Так у яе з’явіўся запасны план на выпадак, калі зноў спатрэбіцца легчы ў бальніцу.
Хто можа стаць зааняняй і як адбіраюць сітараў?
За першыя чатыры месяцы да сэрвісу далучыліся 80 сітараў. Зімой на пляцоўцы было каля трох тысяч анкет, але з гадаванцамі працавалі 126 чалавек з розных гарадоў Беларусі.
Большасць заанянь працавала ў Мінску, дзе, паводле Марыі, вышэйшы попыт. Сітары былі таксама ва ўсіх абласных цэнтрах і шэрагу іншых гарадоў. Кандыдатаў з невялікіх гарадоў прымалі часцей. Марыя кажа, што асабіста знаёмая з кожным выканаўцам і атрымлівае копіі справаздач пра гадаванцаў.
Сітарам можна стаць з 18 гадоў. Сярод выканаўцаў шмат студэнтаў да 25 гадоў, ёсць і старэйшыя людзі. Кіналагічная адукацыя не патрабуецца, але перад пачаткам працы трэба прайсці навучанне і здаць экзамены.
Пры адборы ўлічваюць працоўны графік, час на догляд і тое, ці могуць дапамагчы членым сям’і. Увесь дзень знаходзіцца дома неабавязкова. Строгіх патрабаванняў да жылля, паводле Марыі, няма: жывёле павінна хапаць месца, а тэрыторыя прыватнага дома мусіць быць агароджана.
А што далей?
Мяркуючы па сацсетках, каманда працягвае развіваць Petsfriend: прасоўвае сэрвіс і шукае сумесныя праекты з іншымі брэндамі. Напрыклад, у кастрычніку мінулага года рабяты правялі ў Мінску першы фестываль «Лапки», аб’яднаўшы кампаніі, з якімі ўжо супрацоўнічалі або хацелі пазнаёміцца.
Пры гэтым Марыі цікавыя партнёрствы, якія не заканчваюцца адным розыгрышам. «Нам хацелася б доўгатэрміновы праект, які будзе кожны месяц нешта выпускаць і даваць значны вынік», – расказвала яна.
Сёлета анонсаў падобнага фестывалю пакуль не было. Але, калі меркаваць па допісах у сацсетках, кліентаў у каманды хапае: гадаванцаў працягваюць браць на ператрымку, а знаёмыя пухнатыя госці вяртаюцца.
Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.













