Сёння CityDog.io завітаў у госці да Аліны, айцішнай маркеталагіні, якая жыве ў Празе са сваёй сям’ёй. Гераіня паказала нам сваю кватэру з дзвюма спальнямі, антыкварнай мэбляй і чорнай котачкай на ўсіх паверхнях дома.
– Апошнія некалькі гадоў я жыла ў Мінску, працавала аддалена, а потым вырашыла пераехаць у Прагу, дзе знаходзіцца офіс маёй кампаніі. Жыву ў гэтым горадзе больш за чатыры гады з сям’ёй, з мужам і сынам Міронам. Таксама ў нас ёсць чорная, як ноч, котка Ада, ёй ужо 10 гадоў, мы прывезлі яе з сабой з Беларусі.
У Празе шмат прыгожых дамоў, паркаў, і нам хацелася жыць у прыгожым старым будынку – гэта і быў асноўны крытэрый выбару кватэры. Мая праца прапанавала нам аплаціць паслугі агента, гэта ўваходзіла ў рэлакацыйны пакет. Мы паглядзелі ўсяго тры кватэры, усе яны былі вельмі добрыя, мы проста выбралі лепшую з іх. Пражылі там тры гады, а потым, калі нарадзіўся дзіцёнак, зразумелі, што нам патрэбна большая кватэра, з дзвюма спальнямі. Так мы пераехалі сюды.


Від з акна.
Дом канца XIX стагоддзя з кватэрай за 1300 еўра ў месяц
– Мы жывём у доме канца 19-га стагоддзя, пабудаваным у стылі новы рэнесанс, у цэнтры горада. Першая наша кватэра была ў гэтым жа доме, мы проста пераехалі ў кватэру пабольш, на іншым паверсе. За жытло мы плацім каля 1100 еўра за месяц, плюс дзесьці 200 еўра складае камуналка.
Сярод суседзяў шмат экспатаў. Але ёсць і чэхі, ёсць людзі са Славакіі і Украіны, з якімі мы сябруем. Суседзі, напрыклад, могуць прыглядзець за коцікам, таксама мы збіраемся на вечарынкі, тусуемся разам. Насамрэч менавіта суседзі і суполка, якая склалася ў гэтым доме, сталі адным з самых важных фактараў, чаму мы вырашылі не шукаць кватэру ў іншым раёне.


Балкон.
Мне падабаецца, што тут шмат месца і што гэта цэнтр горада. Непадалёку ёсць рэчка, прыгожыя паркі, касцёлы, батанічны сад. Недалёка ад нас Вышаград у 15−20 хвілінах хадзьбы пешкі.
Дом стары, ён знаходзіцца ў раёне Падскале, гэта раён каля ракі, і тут гістарычна жылі людзі, якія займаліся працай, звязанай з ракой. Прыкладна 10 гадоў таму дом быў цалкам перабудаваны, уся інфраструктура ў сярэдзіне добрая, ёсць ліфт, усё якасна пафарбавана і адрэстаўравана, новыя драўляныя вокны, фурнітура і гэтак далей. Вельмі прыгожы пад’езд. Стылізацыя новых дэталей дома адбываецца пад арыгінальны стыль.


Гасцёўня-сталовая.


Гасцёўня-сталовая ў калядным аздабленні.
Пачатковым пунктам стала вялікая кніжная шафа
– Сюды мы пераехалі амаль без мэблі. Гэта тыповая сітуацыя для Прагі: кватэры вялікага памеру здаюцца пустымі. Амаль усё давялося купіць, у нас быў толькі наш ложак, працоўныя сталы са старой кватэры і дзіцячая мэбля.
Давялося купіць рэчы ў калідор і залу. Фіранкі ў залу яшчэ не купілі, там патрэбна нейкая фантазія, але пакуль я гэты праект не рэалізавала.


Сталовая-кухня.
Пачатковым пунктам, ад якога мы адштурхоўваліся, была вялікая кніжная шафа, бо ў нас ужо шмат кніг, і мы іх працягваем купляць. Мы набываем кнігі на пяці мовах: беларускай, чэшскай, англійскай, крыху на рускай – у асноўным беларускіх аўтараў – і трохі на ўкраінскай.


Шафу мы набылі ў IKEA: яна падыходзіла па памерах і была недарагой. Астатнюю мэблю вырашылі там не купляць, бо гэта занадта нудна. Нам прыйшла ў галаву ідэя пашукаць антыкварную мэблю, што адпавядала нашым уяўленням аб прыгажосці.
«Муж прысеў у гэту фатэль і кажа: усё, я застаюся тут жыць»
– Мая сяброўка падзялілася са мной сайтам Pelmel Design. Гэта вялікі праект рабят з Пардубіцы, абласнога чэшскага горада. Рабяты проста купляюць антыкварную мэблю па ўсёй краіне, трохі яе рамантуюць і прадаюць. У іх мы набылі масіўны антыкварны стол 40-х гадоў, па кошце супаставімы з коштам мэблі з IKEA, з вельмі прыгожым драўляным малюнкам.


Мне прыйшла ў галаву ідэя заехаць да іх у Пардубіцы і выбраць яшчэ і крэслы. Калі мы прыехалі, то ўбачылі такі вялікі склад у памяшканні старой фабрыкі, перароблены ў модны лофт. Гэта адначасова і склад, і шоурум, і памяшканне, у якім адбываецца рэстаўрацыя. Там мы выбралі крэслы, хаця гэта ўжо было ніфіга не танна, а па коштах як сучасная дызайнерская мэбля. Гэта старыя галандскія крэслы 60-х гадоў, якія, напэўна, і з’яўляюцца прататыпам вельмі папулярнай дызайнерская галандскай мэблі.


Потым мы пагулялі па гэтым складзе, працаўнік правёў для нас экскурсію, паказаў нейкія неверагодныя жырандолі, суперпрыгожыя таршэры. А потым паказаў нам фатэль, у якую муж прысеў і кажа: усё, я застаюся тут жыць. У выніку мы купілі яшчэ дзве гэтыя фатэлі і часопісны столік.


Фатэлі і часопісны столік былі распрацаваны чэшскім дызайнерам Янам Ванэкам. Гэта даволі знакаміты архітэктар і дызайнер, які рабіў інтэр’ер для Карала Чапека. Яго мэтай было наладзіць мас-прадакшн прыгожай мэблі: зручная і камфортная мэбля ў кожны дом.






Калідор.
Галоўная спальня з цудоўным відам з акна
– У нашай спальні самае вялікае акно ў кватэры. Адтуль прыгожы від на суседні дом, таксама ўпрыгожаны фрэскамі, і на кляштар.

У спальні ложак са старой кватэры і вялікая шафа з вопраткай. Тут маё працоўнае месца.




«Мой дзень пачынаецца з таго, што я заварваю каву ў прыгожым кубку з сінімі курачкамі, сядаю за комп і пачынаю працаваць».


«Маё хобі – калекцыянаваць парфуму».
У дзіцячым пакоі маленькі сын жыве актыўным жыццём, а котка спіць на спавівальным століку
– Дзіцячы пакой самы застаўлены мэбляй і закіданы ўсялякімі рэчамі, бо маленькі сын, вядома, жыве вельмі актыўным жыццём.


«На спавівальным століку можна заўважыць котачку, якая спіць. Гэта адно з яе любімых месцаў для сну».
У дзіцячым пакоі таксама абсталявана працоўнае месца, але там часцей за ўсё працуе муж. Яму больш падабаецца шэрая фатэль, чым чорная.

Ёсць і маленькая камфортная тахта для гасцей. Мы вельмі рады, калі да нас хтосьці прыязджае.


Санвузлы: іх два, але ванны няма – адбыўся даўнгрэйд
– Ванны пакой у нас з душавой кабінкай. У папярэдняй кватэры была сапраўдная ванна, тут адбыўся такі даўнгрэйд. Але нармальна, жыць можна, мы прызвычаіліся. А дзіцёнка мыем у складной пластыкавай ванначцы. Ну і вельмі зручна, што ў кватэры два санвузлы.


Галоўны санвузел.
Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.
Фота: з уласнага архіва гераіні.