Сяргей з Мінска, ён працуе ў ізраільскай рытэйл-сетцы крам спартыўных тавараў. За восем гадоў ён змяніў восем месцаў жыхарства і цяпер жыве ў маленькім горадзе, які называе горадам грахоў з-за яго кепскай рэпутацыі. Але сваёй кватэрай з невялікім дворыкам і садзікам наш герой задаволены, пра што ён і расказаў CityDog.io.
«Я сабраў дзве торбы і пераехаў у Ізраіль»
– Я пераехаў у Ізраіль у 2016 годзе на праграму MBA Olim. У Арыэльскім універсітэце адкрылі курс МВА для новых рэпатрыянтаў, якія размаўляюць па-руску. Я сабраў дзве торбы і пераехаў у Іерусалім, дзе пражыў тры гады, а пасля пераехаў ва ўмоўны «цэнтр Ізраіля».
За гэтыя восем гадоў я паспеў змяніць прыкладна восем месцаў жыхарства. Тры гады ў Іерусаліме, чатыры гады я жыў з суседзямі ў горадзе Петах-Тыква, і ўжо другі год мы з жонкай Ліліяй жывем у Лодзе. Гэта маленькі горад непадалёку ад Тэль-Авіва.


Горад Лод.
«Карцінка за вокнамі павінна быць не вельмі дэпрэсіўнай»
– Так здарылася, што нашы бацькі жывуць у суседніх гарадах, і мы вырашылі пераехаць бліжэй да іх. Калі шукалі кватэру, галоўнай умовай было тое, што яна павінна быць не вельмі дарагой, а карцінка за вокнамі павінна быць не вельмі дэпрэсіўнай. Гэта было няпроста, бо Лод – гэта горад з не самай лепшай рэпутацыяй. Мы аб’ехалі прыкладна 6–8 розных кватэр і спыніліся на маленькім доміку з садзікам. Кватэра была мэбляванай, і квартплата ўключала ў сябе ўсё, акрамя электрычнасці.




Уваход у дворык і сам дворык.
Калі ёсць горад грахоў, то гэта менавіта Лод. Мы пераехалі сюды толькі таму, што тут самае таннае жыллё ў адноснай блізкасці да Тэль-Авіва. Горад змешаны: тут жывуць і арабы, і яўрэі. Ён мае дрэнную рэпутацыю з-за вулічных сутыкненняў у 2021 годзе ў выніку ваеннага канфлікту Ізраіля з Газай. Цяпер у горадзе ўсё спакойна, але беспарадкі ўзгадваюць да сённяшняга дня.


Горад Лод.
Больш за ўсё ў нашым горадзе нам падабаецца наш раён, бо тут у асноўным заможнае насельніцтва. Таксама ёсць невялікі парк для вячэрніх прагулак. Кінатэатры і вялікія гандлёвыя цэнтры ёсць у суседніх вялікіх гарадах у 20 хвілінах язды на аўтамабілі. Мне як мінчаніну не хапае чысціні і парадку. Кідаць смецце і не прыбіраць за хатнімі жывёламі – гэта нібыта нармальна. Не саступаць дарогу і не паказваць паварот пры руху – гэта таксама частка мясцовага ладу жыцця.


За кватэру 60 кв. м з дворыкам і садзікам – каля 822$
– Мы арандуем маленькую мэбляваную кватэру з садам, агульная плошча каля 60 квадратных метраў. Кватэра – гэта кухня плюс зала, спальня і закрыты дворык з цытрусавымі дрэвамі і кветкамі. За ўсё гэта мы плацім 3000 шэкеляў у месяц (каля 822$ на дату публікацыі. – Рэд.). У цану ўваходзяць усе камунальныя паслугі (вада, газ, муніцыпальны збор), акрамя электрычнасці, за якую мы плацім асобна.
Для параўнання, у Петах-Тыкве такая кватэра магла б каштаваць 3500 шэкеляў (960$) без мэблі і з дадатковымі плацяжамі за ўсе пералічаныя камунальныя паслугі. Гаспадар кватэры атрымаў ад нас чэкі на 12 месяцаў, і мы з ім нават не размаўляем, толькі ў выпадку, калі трэба адрамантаваць нешта.


Кухня і гасцёўня.
Трэба адзначыць, што гаспадар нашай кватэры выкупіў на вуліцы некалькі кватэр і здае іх на працягу некалькіх гадоў без пасрэднікаў, гэта таксама было прычынай выбраць менавіта яго.
Наш сусед па дворыку – 43-гадовы рэлігійны яўрэй Юваль, які кожны вечар на сваёй верандзе паліць нешта, што нагадвае палынь. І кожную суботу ён вітае нас: «Good Shabbos!»


Спальня.
«Мы тут, таму што гэта проста танна»
– Горад падзелены аўтамабільнай трасай, і на другім баку будуюцца зусім новыя, чыстыя, сучасныя дамы. Магчыма, у бліжэйшыя гады гарадскія ўлады пачнуць паляпшаць інфраструктуру і якасць жыцця ў старым горадзе. А пакуль што мы тут, таму што гэта проста танна.
У Ізраілі людзі шукаюць кватэры праз сайт yad2, у Facebook, часам па маленькіх аб’явах на балконе кватэры. Самое непрыемнае – гэта пасрэднікі, якія спрабуюць узяць грошы за мінімальнае пасрэдніцтва. Таму, калі ты тэлефануеш, важна запытацца, якое дачыненне мае чалавек, які пакінуў нумар, да гэтай кватэры.


Ванны пакой.
Нам пашанцавала, гаспадар не быў супраць нашай коткі. Яе завуць Ася, і ў гэтай кватэры яна ўпершыню пабывала на вуліцы. Гэта было цікава назіраць, як яна рэагуе на вулічных котак, якія кожны дзень прыходзяць яе наведаць.

Котка Ася – гаспадыня дома.
«Хамячым цукеркі ў бамбасховішчы, каб не сапсаваліся»
– Непадалёку ёсць бамбасховішча – гэта мясцовая сінагога. Калі мы хаваемся там, ёсць час пачаставацца цукеркамі рабі Ёсі. Цукеркі там заўжды для яго студэнтаў. А мы іх хамячым, каб не сапсаваліся. Ён не супраць.
У першы дзень вайны, пакуль ніхто не ведаў, што дакладна здарылася, усе прыбеглі ў сінагогу і кажуць: «Нас больш за 10! Давайце замуцім міньян, усё адно мы ўжо тут» (міньян – гэта калі у малітве ўдзельнічаюць больш за 10 чалавек).

Дворык дома.
Мы любім наш дом за тое, што ён маленькі і ўтульны, ёсць садзік, куды можна запрасіць сяброў, і амаль усё ўключана. Вялікі мінус – гэта сам горад і адсутнасць якой-небудзь інфраструктуры ў ім. Хочацца верыць, што аднойчы горад Лод стане больш прыгожым і ўтульным для яго жыхароў.
Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.
Фота: з уласнага архіва героя.