Беларуска Анастасія хацела перазагрузіцца ў адпачынку і прайсці цікавы пешы маршрут. З дапамогай ChatGPT яна творча адаптавала іспанскі Шлях Маякоў пад сябе і свае запыты. Насця падзялілася з CityDog.io досведам праходжання маршруту, коштамі і карыснымі парадамі для тых, хто таксама пойдзе ў падарожжа па Беразе Смерці.
– Усё складвалася так, што мой водпуск гэтым летам сарвецца, – уздыхае Анастасія. – Я чакала планавай аперацыі на калене ў маі ці пачатку чэрвеня. Але яе адклалі на канец чэрвеня, і я аператыўна спланавала адпачынак – якраз перад тым, як буду зусім немабільнай усё лета.
Трэба было зрабіць для сябе штосьці цікавае і прыемнае. У Threads я знайшла ветку пра сола-вандроўкі, дзе апісваліся шляхі для пешага падарожжа. Я проста ўбачыла цікавую назву O Camiño dos Faros – у перакладзе Шлях Маякоў. А потым паглядзела фотаздымкі і падумала: ваў!

Пляж Арнэла (Playa de Arnela) на Шляху Маякоў.
Мне падабаецца фармат ісці дзесьці непадалёк ад вялікай вады, мора ці акіяна, люблю горы і класную прыроду. Так што гэта мая чацвёртая сола-вандроўка на некалькі дзён.
У 2022 годзе за 8 дзён я прайшла партугальскі Каміна-дэ-Сант’яга (ішла паўночней ад горада Порту ў Іспанію па беразе акіяна). У 2024-м – маляўнічы маршрут «Трапа рыбакоў» у Партугаліі. У мінулым годзе я ішла 10 дзён па Каміна-дэль-Нортэ, гэта шлях уздоўж Біскайскага заліва з усходу на захад па іспанскім рэгіёне Астурыя. Там класная горная мясцовасць, але даволі няпростая, узгорыстая, шмат перападаў.
У гэтым годзе мне патрэбна было штосьці трохі больш лайтовае і «прахадзібельнае», каб не дабіваць калені перад аперацыяй.
Шлях Маякоў ідзе ў Іспаніі, у Галісіі, уздоўж узбярэжжа, якое злавесна называецца Costa da Morte – Бераг Смерці. Там настолькі выразныя скалы, што ў папярэднія стагоддзі і да апошняга часу здаралася шмат караблекрушэнняў. Адпаведна, на беразе людзі паставілі шмат маякоў, але часам і яны не дапамагалі. Страшнае месца для маракоў – а для пешых вандроўнікаў вельмі прыгожае.

Вось так выглядае поўны маршрут на карце Іспаніі, канчатковы пункт унізе. Скрыншот з сайта Caminodosfaros.com, карта Google Maps.

«На фоне – месца, дзе ў 1987 годзе было буйное караблекрушэнне. Калі фоткалася, я гэтага не ведала, мне потым у каментарыях у Facebook напісалі».
Цалкам маршрут разлічаны на 10 дзён. У мяне было толькі пяць-шэсць. Я прыкінула, дзе самы маляўнічы ўчастак, і папрасіла ChatGPT пабудаваць мне маршрут кіламетраў на сто ці крыху больш. У выніку за пяць з паловай дзён я адолела 110 км. Ад ідэі да рэалізацыі плана прайшло ўсяго 2-3 тыдні.
План і яго выкананне
Дзень 1. Laxe – Camelle. 16+ км
Дзень 2. Camelle – Camariñas. Амаль 25 км
Дзень 3. Camariñas – Muxía. 29+ км
Дзень 4. Muxía – Santo Estevo de Lires. 13+ км пешшу і далей аўтаспын да месца начоўкі
Дзень 5. Santo Estevo de Lires – Fisterra. 20+ км
Дзень 6 – паход на маяк Fisterra (край свету)
Лагістыка і кошты: «Білет Варшава – Мадрыд каштаваў 15 еўра»
– Білет Варшава – Мадрыд каштаваў мне 15 еўра. Далей я ляцела ў горад Ла-Карунья (50–60 еўра) і адтуль аўтобусам даехала да вёсачкі Лашэ, адкуль і пачынала маршрут. Агулам дарога ў адзін бок каштавала менш за 100 еўра.
Забягаючы наперад, дадому я дабіралася з Фінстэры да Сант’яга-дэ-Кампастэла (аўтобус ходзіць некалькі разоў на дзень і едзе паўтары гадзіны), адтуль самалётам да Барселоны і іншым самалётам у Вільнюс.
.jpg)
Вёска Laxe – стартавы пункт маршруту. Фота: асабісты архіў гераіні.
Далей трэба было спланаваць начоўкі. Ёсць розніца паміж маршрутамі: на папулярных распаўсюджаны пілігрымскія начоўкі альберге. Туды можна прыйсці, нічога не забраніраваўшы, на месцы заплаціць сімвалічныя грошы – недзе 10 еўра, – і ў вас будзе месца начоўкі. Але мой досвед паказаў, што з гэтым варыянтам трэба быць асцярожнай: альберге могуць быць занятыя, напрыклад калі ідзе група скаўтаў і месца для астатніх вандроўнікаў і пілігрымаў проста не застаецца.
На Шляху Маякоў альберге хутчэй камерцыйныя, таму я ўсё забукала наперад, за тыдзень-два. Самы танны хостэл абышоўся ў 14 еўра, у сярэднім 18–20. Два разы ў мяне былі асобныя нумары па кошце каля 30–35 еўра за ноч.

Першы маяк на шляху Анастасіі – побач з вёскай Laxe. Фота: асабісты архіў гераіні.
Агульную суму я не падбівала – каб не пакутаваць (усміхаецца). На самой справе ўсё атрымалася даволі дэмакратычна. А што датычыцца ежы на маршруце, то, напрыклад, класічны сняданак «сэндвіч з хамонам і кола с лімонам» каштуюць ад 4 да 7 еўра ў залежнасці ад кавярні. З сабой раю браць сумесі з арэхаў плюс ваду – таксама каля 6-7 еўра. Вячэра ў месцы начоўкі – ужо можна сабе дазволіць нешта даражэйшае. У мяне выходзіла ў сярэднім 12–15 еўра, але звычайна гэта нават з кілішкам віна.
Праходжанне маршруту: «Два дні была проста катастрофа! Я першы раз у жыцці скіпанула ўчастак»
– Кожны дзень на маршруце ў цябе самыя розныя думкі, пра ўсё, што адбываецца з табой і вакол цябе ў той канкрэтны перыяд. Але прыгажосць навокал, новыя ўражанні штодня, капітальная змена дзейнасці, абсалютна іншы рытм і рэжым жыцця, чым у іншы твой час, і проста адчуванне свабоды, якое нават складана апісаць словамі, дапамагае перазагрузіцца і вяртацца да свайго звычайнага, не самага спакойнага жыцця з новымі сіламі.


На першым фота – маяк Vilan, муніцыпалітэт Camariñas. «Гэта першы электрычны маяк Іспаніі, яго пабудавалі ў 1896 годзе пасля вялікага караблекрушэння, што забрала жыцці больш за 170 чалавек. Бо папярэдні маяк не спрацаваў як трэба...» На другім фота – Англійскія могілкі, маўзалей, прысвечаны гэтай трагедыі. Фота: асабісты архіў гераіні.
Першыя тры дні былі даволі няпростымі, шмат камяністых скальных месцаў, мала вёсак. На чацвёрты дзень я першы раз у жыцці скіпанула ўчастак з-за дзікай спякоты.
Спадзявалася, што клімат будзе прыкладна як у мінулым годзе ў Астурыі: канец чэрвеня, горы, свежае паветра, камфортнае сонца з аблокамі. Галісія – суседні рэгіён, надвор’е падобнае, але два дні была проста катастрофа! Паабяцалі 25–27 градусаў, але яны анамальна адчуваліся як 40.
Ветрыку з акіяна проста не было. Ужо ў 8-9 раніцы было горача, а да 10-й быў поўны капец. У мяне з сабой два літры вады, адзін ужо сышоў, а да месца, дзе можна набраць вады, далёка.

Непадалёк ад гарадка Muxía, чацвёрты дзень падарожжа. Участак лічыцца адным з найцяжэйшых на шляху. Фота: асабісты архіў гераіні.
У мяне хапіла розуму каля 11 гадзін раніцы пакінуць маршрут і сысці на адзіную сцежку, якая вывела мяне да аўтадарогі. Там я набрала вады і пайшла па спякоце па сельскай дарозе (трасай гэта назваць язык не павернецца). Дзесьці праз 50 хвілін мяне падабраў на машыне нейкі мужчына. Як часта бывае ў Іспаніі, ён нічога не разумеў па-англійску, я проста тыкнула ў Google Maps і паказала, куды мне трэба. Ці хоць куды-небудзь па гэтым маршруце! Дзякуй яму вялікі: ён завёз мяне да месца начоўкі.
Фінальным пунктам быў горад Фістэра – вельмі класнае і сімвалічнае месца для пілігрымаў. У даўнія часы яго называлі краем Зямлі. Людзі, якія ідуць класічны шлях Каміна-дэ-Сант’яга, часам дабіраюцца і да гэтага пункта.
.jpg)

Фістэра. «Калісьці пілігрымы пасля завяршэння свайго шляху спальвалі тут чаравікі або адзенне як знак таго, што нешта старое скончылася, а нешта новае і не менш важнае пачынаецца. Я адзенне не паліла (такія рытуалы ўжо тут не вітаюцца), але падумаць пра тое, з чым развітацца і чаго чакаць на новым этапе жыцця, час дакладна быў». Фота: асабісты архіў гераіні.
Спецыфіка трэка: «Абавязкова патрэбен нармальны горны абутак»
– Той кавалак, які ішла я, зусім нешматлюдны. Я асабліва нікога не сустракала, гэта дастаткова «дзікі» маршрут, там мала населеных пунктаў. У мяне здараліся нейкія смолтокі па дарозе, але гэта не было прыярытэтам. Мне было проста цікава прайсці шлях, пабыць з самой сабой, паглядзець на прыгажосць і закрыць гештальт у тым, што далей лета будзе маламабільным.
Маршрут вельмі прыгожы, але на ім шмат камяністых скальных участкаў. Да гэтага трэба быць маральна гатовай. Не заўсёды даводзіцца караскацца па стромкай скале, але часта неабходна максімальна сканцэнтравацца, ступаць акуратна.
Не вельмі падрыхтаваным людзям абавязкова патрэбен нармальны разношаны горны абутак. Я ішла ў трэкінгавых сандалях са шкарпэткамі (яны ратуюць ад мазалёў) – гэта мой універсальны комплекс абутку. Калі б я ведала загадзя, што будзе столькі скальных месцаў, узяла б і трэкінгавыя боты, якія падтрымліваюць галенастоп.
Як падрыхтавацца да Шляху Маякоў і ўвогуле да пешага маршруту?
Вада. З улікам таго, што цывілізацыі будзе мала, важна загадзя запасацца вадой. Нават калі крамы не працуюць, у месцы начоўкі можна набраць вады. Трэба абавязкова глядзець на карце і адзначаць рэчкі, крыніцы, кавярні, каб цягам наступнага дня набіраць там ваду.
Ежа. Тое ж самае з ежай: глядзець на карце загадзя, ці ёсць нейкія крамы і кафэ. Часам яны ёсць толькі ў горадзе выхаду і ў месцы, куды вы прыйдзеце на начоўку. Для мяне вельмі карысныя і танныя сумесі з арэхамі і ізюмам. Яны лёгкія, можна закінуць з сабой і несці некалькі штук. Плануйце сваё харчаванне.
Час працы кафэ і крам. Улічвайце час працы кафэ: магчыма, кавярні і крамы не будуць адкрывацца рана ці працаваць позна. Калі пазначана, што яны павінны быць адкрыты, гэта не гарантыя таго, што яны на самой справе будуць адкрыты, але ўсё роўна ёсць нейкі шанц.
Надвор’е. Калі прагназуецца больш за 25 градусаў, на адкрытых участках вам можа быць вельмі цяжка. Раю выходзіць раней, у 6-7 гадзін раніцы, і праходзіць большую частку да спёкі.
Рознае. Абавязкова ўзяць галаўны ўбор, пластыры (хоць у гэты раз мне пашанцавала і амаль не было мазалёў), SPF. Спальнік на гэтым шляху мне фактычна не спатрэбіўся, бо нават у самых танных хостэлах былі коўдры. А вось калі ідзеш Каміна-дэ-Сант’яга (розныя маршруты) і плануеш спыняцца ў муніцыпальных альберге, то спальнік маст-хэв.
Уражанні: «У такіх класных месцах проста адчуваеш жыццё»
– Уражанні цудоўныя, я моцна перазагрузілася. Апошнія паўгода былі суперінтэнсіўныя, шмат падзей, працы... А калі аказваешся ў такіх класных месцах, проста адчуваеш жыццё.
Гэта не самы папулярны і вядомы шлях, але такі прыгожы і дасяжны для тых, хто жыве ў Еўропе, у тым ліку па коштах. Мяне моцна здзівіла, што менш чым за месяц да старту можна спланаваць такі маршрут, уклаўшы не ўсе грошы свету.
Яшчэ, канешне, радуюся, што цяпер з дапамогай ШІ можна значна менш часу марнаваць на планаванне вандроўкі. Але пераправяраць, глядзець крыніцы, а не толькі парады ад ChatGPT, раю ўсім. Асабліва калі гэта датычыцца апісання ўчасткаў маршруту.
У Вільнюсе была адмысловая сустрэча аматараў індывідуальнага хайкінгу. Усе, хто сабраліся, як аказалася, хадзілі адзін і той жа маршрут, проста пачыналі ў розных пунктах: іспанскі і іспанска-партугальскі Каміна. Але ёсць яшчэ шмат класных варыянтаў! Тое, што прайшла я, штука нетрывіяльная, але даступная. Проста патрабуе крыху падрыхтоўкі: добры абутак, добры настрой.

Пляж Lourido на Шляху Маякоў. Фота: асабісты архіў гераіні.
Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.












