Беларуска з нікам red_batary папрасіла ў Threads параіць беларускамоўныя падкасты – не занадта «лекцыйныя», з жывымі размовамі, людзьмі, псіхалогіяй і гумарам. У каментарыях набралася столькі варыянтаў, што з іх атрымалася цэлая падборка. CityDog.io сабраў падкасты на розныя тэмы – раптам знойдзеце новы любімы.
Пра ўсё на свеце: ад балбатні і гікаў
«Ласкатухі» – відэападкаст, дзе вядучыя «размаўляюць, балбочуць, ласкочуць і разважаюць» на розныя тэмы, якія іх хвалююць.
«Кіло слова» – суб’ектыўнае аўдыяшоу пра словы, тэксты, камунікацыю і пісьмо.
«Першы Гікаўскі» – відэападкаст, у якім Лёша і Вадзім размаўляюць пра гікаўскія тэмы: ад музыкі да тэхналогій.
Пра урбанізм і гарады
«Утульны горад» – падкаст пра ўрбаністыку, дзе на прыкладзе Гродна разбіраюць, як зрабіць беларускія гарады больш утульнымі. Гавораць пра грамадскі транспарт, панэльныя раёны, аўтамабілі ў кожнай сям’і, смецце, ровары, дзіцячыя пляцоўкі і іншыя гарадскія пытанні. У размовах удзельнічаюць актывісты і навукоўцы.
«Як тут як там» – падкаст «Менскай урбаністычнай платформы». У кожным эпізодзе некалькі экспертаў абмяркоўваюць сусветныя ўрбаністычныя трэнды і тое, як яны адбіваюцца на беларускай рэчаіснасці. Без простых адказаў, затое з дыскусіямі і рознымі пунктамі гледжання.
Пра беларускі эратычны фальклор
«Гісторыя беларускага сэксу» – падкаст пра эротыку ў беларускім фальклоры. Аўтары расказваюць, як займаліся сексам нашы продкі, развенчваюць міф пра «бязгрэшных продкаў» і параўноўваюць з сучаснасцю. Фармат – па-беларуску, з жартачкамі і фалічным сімвалізмам.
Пра гендарна абумоўлены гвалт і стасункі
«Усё складана» – падкаст, які пазіцыянуе сябе як safe space для шчырых размоў. Тут абмяркоўваюць тое, што раніць, падтрымліваюць адна адну і спрабуюць разабрацца, як будаваць стасункі, дзе ёсць павага і падтрымка. Фармат – сяброўская гутарка.
Гісторыі людзей у эміграцыі
«Іншыя гісторыі» – наратыўны падкаст з гісторыямі беларусаў і беларусак з розным жыццёвым досведам, якія цяпер у вымушанай эміграцыі. Аўтары імкнуцца пазбаўляцца ад стэрэатыпаў і задаваць «нязручныя» пытанні.
Пра псіхалогію і памяць
«Што ты тут забыў» – падкаст пра псіхалогію і гістарычную памяць. Размова ідзе пра тое, як мінулае сям’і, групы ці краіны ўплывае на нас сёння і як зрабіць так, каб нават цяжкі досвед працаваў не супраць, а на нас.
Пра палітыку
«Зроблена ў Польшчы» – відэападкаст пра польскую палітыку. Вядучыя Кірыл і Макс тлумачаць, як працуе палітычная сістэма Польшчы.
Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.
Фота на вокладцы: Chat GPT.












