CityDog.io узнал у беларуских издательств о самых ожидаемых премьерах 2025 года – которые вышли совсем недавно и которые скоро появятся в продаже. Добавляйте в свой список must read: тут много интересного.
Gutenberg Publisher
Аляксандр Карнаўх, «Халодныя землі»
Містыка, каханне, дэтэктыў, трылер, фальклор. Калі ты жывеш каля Прорвы, прасцей паверыць у ваўкалакаў, чым у бесперабойную мабільную сувязь.
Універсітэцкі выкладчык Антось губляе свайго вернага сябра – бігля Аргуса. У той жа час яго жонка прыходзіць да высновы, што іх шлюб сябе вычарпаў. Шукаючы занятак, які дапамог бы адвесці думкі, Антось згаджаецца дапамагчы знаёмай расшыфраваць таямнічыя сшыткі, знойдзеныя на гарышчы аднаго з дамоў у вёсцы, які знаходзіцца каля вялікіх балот, дзе калісьці жыў яго дзед.
Сшыткі запісаны зютэрлінам – сёння ўжо забытым нямецкім пісьмом (спойлер: фашыстаў у кнізе не будзе.) Спачатку ўдаецца разабраць толькі асобныя словы, але хутка вакол Антося пачынаюць адбывацца дзіўныя і трывожныя падзеі. Кожная новая расшыфраваная фраза, здаецца, зацягвае яго ўсё глыбей у нешта незразумелае – і тое выклікае ў ім усё большы страх. Здаровы сэнс падказвае, што варта спыніць даследаванні і забыцца пра гэтыя сшыткі, але... ці гэта яшчэ магчыма?
Валянцін Вяркееў, «Вера, дачка флібусцьера»
Тоўстая прыгодніцкая кніга Валянціна Вяркеева для падлеткаў, якая выйдзе ў канцы сакавіка. Што, калі маленькую дзяўчынку пасадзіць на пірацкі карабель ля берагоў нейкай паўднёвай краіны, а пасля кінуць у шторм, высадзіць на бязлюднай выспе і выправіць на пошукі таты-пірата? І ў памочнікі ёй вызначыць двух іншапланетнікаў, адзін з якіх – кот, а другі – кіт (хоць і не зусім)? У гэтай кнізе будзе некалькі соцень старонак, і на кожнай – галавакружныя прыгоды.
Саша Філіпенка, «Слон»
Перакладчыца Сашы Філіпенкі актыўна працуе над яго новым раманам «Слон»: мы вельмі спадзяёмся, што беларускае выданне выйдзе раней за рускамоўнае. У гэтай гісторыі Саша застаецца верным сваім поглядам: яго героя зноў завуць Саша, і вышэй за ўсё ён ставіць слова з пяці літар на «Л». Так, тут справа не толькі ў каханні.
Мерыям Петрасян, «Дом, у якім...»
А ўвосень свет пабачыць доўгачаканы «Дом, у якім...» Мерыям Петрасян – па-беларуску. Гэта будзе прыгожае прысвячэнне падлеткам, сапраўдным і ўнутраным. Над кнігай працуе апантаная творам мастачка: у Gutenberg вераць, што ў іх можа атрымацца артэфакт, варты вечнасці.
Pflaumbaum Publishing
Югася Каляда, «Перамена месцаў»
Чакалі сапраўды якаснай жанравай літаратуры па-беларуску? Пасля доўгай паўзы на сцэну выходзіць яе бяспрэчная майстрыха – Югася Каляда, пісьменніца, якая ярка дэбютавала ў сярэдзіне 2000-х.
«Перамена месцаў» – лёгкае цікавае чытво добрай літаратурнай мовай пра сучасную Беларусь. 2017 год, у новым цягніку, які рушыць з Мінска ў Гомель, мяняюцца месцамі дзве пасажыркі, Альбіна і Маня. Наступны дзень прыносіць жахлівую навіну: яны памяняліся не толькі месцамі, але і целамі. Кожная прачынаецца не ў сваім ложку, і цяпер Мані з вёскі Алешнікі трэба ісці ў суд у статусе суддзі, а Альбіне – будаваць стасункі з Маніным мужам Толікам, які не начаваў дома. Гэта містычна-рэалістычная аповесць пачынаецца як камедыя інтрыгі, але чым далей, тым болей ператвараецца ў сацыяльную драму.
Гедрэ Казлаўскайтэ, «Чароўны час» (пераклад з літоўскай Уладзіслава Гарбацкага)
Упершыню асобнай кнігай на беларускай мове адкрываецца чытачкам і чытачам паэзія Гедрэ Казлаўскайтэ – адной з самых яркіх і ўплывовых фігур літоўскай паэзіі на сённяшні дзень. Гэту кнігу склалі яе выбраныя вершы з трох арыгінальных зборнікаў: Meninos (2014), Singerstraum (2016) і Gintaro kambarys (2018), а таксама некаторыя да сённяшняга дня не друкаваныя творы.
У сваёй паэзіі Казлаўскайтэ закранае далікатныя і часта забытыя, нязручныя для літоўскага грамадства тэмы: рэпрэзентацыя гістарычнай калектыўнай, а таксама індывідуальнай памяці, гісторыя літоўскіх яўрэяў, жаночая гісторыя і традыцыя (у прыватнасці, праз шыццё), мацярынства, лесбійства, алкагалізм, крытыка радыкалізму, экалогія.
Яе паэзія апавядальная, сюжэтная, напісаная свабодным вершам, але тым не менш аўтарка прытрымліваецца тонкага ўнутранага рытму. Паэтка вылучаецца адкрытасцю, смеласцю: у паэтычных тэкстах яна актуалізуе ўнутраныя драмы і камедыі жанчыны ў патрыярхатным грамадстве.
Віргінія Кульвінскайтэ, «Як я была малалеткай» (пераклад з літоўскай Сюзанны Паўкштэлы)
«Як я была малалеткай» – аўтафікшн, які зрабіўся падзеяй для сучаснай літоўскай літаратуры. Гэта дзёрзкі і непрыхарошаны аповед пра сталенне дзяўчыны, якая шукае сябе ў постсавецкай краіне крывых люстэркаў.
Савецкае дзяцінства, юнацтва ў апошняе дзесяцігоддзе XX ст. у Вільнюсе, жыццё за мяжой, дактарантура, каханне, секс, вандроўкі, тусоўкі, няўдалыя спробы пісаць. Ці можа быць, што ніводная з існуючых «жаночых» роляў, ніводная ідэнтычнасць не падыходзіць, спаўзае, як кепскія калготкі?
Бэла Шагал, «Запаленыя свечкі»
(пераклад з ідыша Ігара Крэбса)
Муза Марка Шагала, яго жонка Бэла, сама была адораным празаікам. Чытаючы яе кнігу, праз яе вочы мы ўбачым Віцебск яе маленства і юнацтва і даведаемся, як Бэла (у дзявоцтве Розэнфельд) пазнаёмілася з Маркам і закахалася ў яго.
Успаміны Бэлы Шагал складаюцца з дзвюх частак: «Запаленыя свечкі» (1945) і «Першая сустрэча» (1947). Абедзве былі напісаны на ідышы і выйшлі толькі пасля смерці аўтаркі. Кніга эмацыйна і вобразна расказвае пра дзяцінства Бэлы, адкрывае чытачу жыццё Віцебска канца ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя, горада з багатай яўрэйскай культурай. Па-беларуску публікуецца ўпершыню.
Вольга Такарчук, «Кнігі Якуба»
(пераклад з польскай Марыны Шода)
Тоўсты цяжкі том ад цяжкавагавіка сучаснай польскай літаратуры ў бліскучым перакладзе адпаведнага прафесійнага маштабу перакладчыцы, які хутка выйдзе у свет.
Падзеі гэтага гістарычнага рамана адбываюцца ў другой палове XVIII стагоддзя. Перадусім гэта падарожжа па Рэчы Паспалітай, дзе пераплятаюцца народы, рэлігіі, культуры. Гэта гісторыя харызматычнага самаабвешчанага месіі Якуба Франка, расказаная ягонымі паплечнікамі і задакументаваная ў судовых справаздачах, абсмяяная яго ворагамі.
Паводле апытання Gazeta Wyborcza, польскія чытачы прызналі гэты раман найлепшай кнігай першай чвэрці ХХІ стагоддзя. На момант з’яўлення беларускага выдання твор перакладзены на пятнаццаць моў, а колькасць яго чытачоў толькі ў Польшчы перасягнула паўмільёна. Бясспрэчна, гэта адзін з найважнейшых твораў сучаснай польскай літаратуры, які ўмацаваў пазіцыі аўтаркі сярод выбітных творцаў сусветнай літаратуры і паспрыяў прысуджэнню Вользе Такарчук Нобелеўскай літаратурнай прэміі за 2018 год.
Издательство «Янушкевіч»
Рэбека Кван, «Елаўфэйс»
Міжнародны бестселер нумар адзін 2023 года, які нарэшце выйдзе па-беларуску ў перакладзе Насты Карнацкай ужо 15 сакавіка.
Гэта кніга пра пакуты творчасці і таямніцы выдавецкай справы, а ў аснове сюжэта – гісторыя падмены рукапісаў: не самая паспяховая пісьменніца прысвойвае сабе рукапіс памерлай сяброўкі. Напісана маладой аўтаркай перш за ўсё для такога ж маладога пакалення: вельмі жывы тэкст, які нездарма разышоўся тыражом больш за мільён экзэмпляраў літаральна за год.
Каміла Цень, «Наступны прыпынак – смерць»
У красавіку ў выдавецтве чакаюць выхаду новай кнігі дэтэктываў Камілы Цень – загадкавай беларускай аўтаркі, якую ніхто не бачыў. Гадоў пяць таму яе першыя творы выходзілі ў электронным выглядзе і набылі вялікую папулярнасць у Беларусі, а год таму «Янушкевіч» выдаў яе першую кнігу ў друкаванай версіі – і яна стала адной з тых, якія набывалі часцей за ўсё. Цяпер на падыходзе новыя прыгоды галоўнай гераіні Зінаіды – яшчэ больш захапляльныя і насычаныя.
Хорхе Луіс Борхес, зборнік
У другой палове 2025-га ў выдавецтве спадзяюцца выпусціць зборнік інтэлектуальнай прозы класіка лацінаамерыканскай літаратуры 20-га стагоддзя. Хорхе Луіс Борхес – аўтар, які шануецца ў літаратурным свеце як эталон стылю, энцыклапедычных ведаў і незвычайных сюжэтных паваротаў. Што казаць, калі каментарыі да яго невялікіх апавяданняў у літаратуразнаўцаў і экспертаў займаюць па некалькі тамоў.
Рэй Брэдберы, «451 градус па Фарэнгейце»
У лютым у выдавецтве выпусцілі па-беларуску «Марсіянскія хронікі» Брэдбери – класіку навуковай фантастыкі. А бліжэй да лета выйдзе ў свет і самы вядомы яго твор – раман «451 градус па Фарэнгейце».
Айн Рэнд, «Атлант выпрастаў плечы»
Акрамя таго, тут рыхтуюць да выдання пераклад знакамітага рамана Айн Рэнд: першы том чакаецца вясной, другі – да канца года або ў пачатку наступнага, ну і ў 2026-м – трэці.
Імпрынт Skarynyčy
Ганна Златкоўская, «Дзяўчынкі-шкло»
Аповесць Ганны Златкоўскай «Страшна жыць, мама» – гэта гісторыя пра маці і яе дачку Анжаліку. Дзве страчаныя душы, дзве адзіноты. Мама – у пошуках шчасця і кахання, у бясконцым страху за сваю дачку. Звычайная жанчына, якая спрабуе адна выхоўваць дзіця і адчайна чапляецца за мужчын, з якімі зводзіць яе лёс. Яна не заўважае, як ламае Ліку і як моцна маленькая дзяўчынка пераймае маміны страхі і ўбірае іх у сябе.
Раман «Дзяўчынкі-шкло» – працяг гісторыі Анжалікі. Цяпер ужо яна – маці-адзіночка з дзяўчынкай на руках. Прывід маці па-ранейшаму шэпча аб тым, што жыць страшна, але Ліка хоча пазбавіцца ад мінулага і стаць іншай жанчынай: валявой і нязломленай. Лёс дорыць ёй сяброўства з Аленай і Дзінай, і ў кожнай гераіні свае страхі, свае надзеі і свой лёс. Гэта гісторыя пра жанчын, такіх далікатных і такіх моцных нягледзячы ні на што.
Czabor Publishing
Эліза Ажэшка, Тадэвуш Гарбоўскі, AD ASTRA
Празаічная паэма ў лістах. Сто дваццаць гадоў таму Ad Astra назвалі «творам, які застаецца». Аўтары змясцілі пад яго назвай музычнае слова «дуэт» і разгарнулі сюжэт на фоне гімнаў жывой прыродзе, песень сівой даўніны, музыкі космасу і маўчання сфінксаў.
Галасы герояў даносяцца з Белавежскай пушчы і Бернскіх Альпаў, ад поўнага цудаў і страхаў урочышча Чорны Гушчар і ад велічных леднікоў Роны, ад казачнай даліны Лаўтэрбрунен, над якой звініць пастушковая песенька, і ад узрытых дзікамі руін беларускага замка, адкуль нясуцца ў лес гукі прывіднага палявання… У мелодыю кахання ўплятаюцца ноты жыцця: героі вядуць, калі гаварыць мовай нашага часу, філасофска-псіхалагічны батл, у якім сярод іншага чуюцца спрэчкі патрыёта і касмапаліта, сэрца і розуму, шчасця і ахвярнасці, кахання і абавязку. Твор з’яўляецца працягам рамана Элізы Ажэшкі «Дзікунка» («Два полюсы»). Па-беларуску выходзіць упершыню.
«Цымбераў»
Гілберт Кіт Чэстэртан, «Ціхмянасць Айца Браўна»
Ну а у выдавецтва «Цымбераў» распачата папярэдняя падпіска на кнігу апавяданняў Чэстэртана «Ціхмянасць Айца Браўна». У зборнік увайшлі найбольш папулярныя апавяданні англійскага класіка, у якіх тэма спрадвечнага змагання паміж дабром і злом раскрываецца на прыкладзе шматгадовага супрацьстаяння паміж святаром Браўнам і сусветна вядомым злачынцам па прозвішчы Фламбо.
Бліскучы талент аўтара, багацце мовы, невычэрпная выдумка ў пабудове дэтэктыўных сюжэтаў па-свойму вырашаюць спрадвечную задачу літаратуры: абвясціць чалавека найвялікшай каштоўнасцю Сусвету і веру ў Бога – наймагутнейшай сілай дабра.
Перепечатка материалов CityDog.io возможна только с письменного разрешения редакции. Подробности здесь.
Фото: предоставлены редакциями.