Аліна са сваім таемным сябрам умудрылася за два тыдні праехацца па чатырох балканскіх краінах, захраснуць на грэчаска-македонскай мяжы, застопіць фуру, атрымаць неверагодны досвед – і ўсё гэта за 500 еўра і абсалютна не па плане. Як так атрымалася? CityDog.io запісаў гісторыю аднаго падарожжа.
– Ідэя трыпа па Балканах прыйшла майму сябру: неяк за келіхам віна мы абмяркоўвалі, што было б смешна адправіцца туды, аб’ехаць за некалькі тыдняў некалькі краін, у сярэдзіне паездкі арандаваць машыну і пабавіць час як у крутых прыгодніцкіх фільмах. Пры гэтым у фоне слухаць інды-музыку і ўвесь час быць у вайбе класнага кліпа.
Да нашага агульнага здзіўлення, справа не скончылася келіхам і гутаркамі. За два тыдні да паездкі мы купілі білеты. Пункт старту выбіралі па таннасці рэйсаў. Мы выляталі з Вільнюса, і самым бюджэтным варыянтам было адправіцца ў румынскі Бухарэст, а адтуль ехаць уніз па карце: Балгарыя, Грэцыя, Македонія, Албанія, Чарнагорыя – і вярнуцца ў Вільнюс з харвацкага Дуброўніка.
Мой сябар прыкінуў, што паміж гэтымі гарадамі і краінамі аўтобусы існуюць, а білетаў павінна быць дастаткова, і мы вырашылі, што ўжо будзем арыентавацца на месцы. Браніраваць жыллё таксама вырашылі на месцы – забукалі кватэру толькі ў першым пункце, у Бухарэсце. Мой сябар «планаваў», а я проста згаджалася на ўсё.
Спойлеры: абсалютна ўсё аказалася не так
– Дабірацца з Грэцыі ў Паўночную Македонію і далей у Албанію мы хацелі на машыне. Вядома ж, зрабіць так не атрымалася, таму што паміж гэтымі краінамі проста не існуе такіх сэрвісаў аўтапракату, у якіх можна арандаваць тачку ў адной краіне і пакінуць яе потым у іншай.
Так што нам прыйшлося па ходзе падарожжа мяняць абсалютна ўсе свае планы і прыдумваць, як дабрацца хоць куды-небудзь на аўтобусе. Напрыклад, высветлілася, што з грэчаскіх Салонік даволі мала аўтобусных напрамкаў куды б ні было.
Яшчэ важнае ўдакладненне: і я, і мой сябар – уладальнікі пратэрмінаваных беларускіх пашпартоў, якія немагчыма абнавіць, таму падарожнічаем па пашпартах замежніка. Гэта накладвае пэўныя абмежаванні: мы можам без праблем перамяшчацца па краінах Еўрасаюза, але нават у тыя краіны, якія рыхтуюцца ўступіць у ЕС, трэба рабіць візу.
Мы, вядома, пагуглілі, якія ўмовы прыезду ў некаторыя краіны нашага балканскага трыпа. На сайце Македоніі было напісана, што людзям з рэзідэнцтвам ЕС можна спакойна ўязджаць у краіну без візы. Спойлер: вядома ж, усё аказалася не так, і з нашымі пашпартамі ўсё роўна патрэбна была віза. Але да гэтага яшчэ дабяромся…
Бухарэст: асабістыя межы растварыліся
– Увесь шлях павінен быў заняць каля двух тыдняў, а на кожную лакацыю адводзілася прыкладна па 1-2 дні. У Балгарыі і Румыніі было дастаткова спакойна. Нас уразілі жыхары Бухарэста – у іх вельмі характэрныя твары, кожнага хацелася разглядаць і фатаграфаваць. У сваю чаргу, усе мясцовыя звярталі ўвагу на нас, светленькіх, нешта крычалі нам на вуліцы.


Кавалачкі Бухарэста.
У мясцовых пажылых жанчын вельмі тактыльная культура: у грамадскім транспарце да нас увесь час дакраналіся нейкія бабулі. Адна некалькі разоў правяла рукой па маёй спіне, другая паляпала мяне, трэцяя пастукала па маёй руцэ – і так паўтаралася некалькі разоў. Тое ж самае здаралася і ў крамах... Гэта было дзіўна, і нідзе больш я з такім не сутыкалася – асабістыя межы трошкі растварыліся.
На вуліцы было халаднавата: градусаў 12, мусіць. У доме, які мы знялі, была такая ж тэмпература. Каб сагрэцца, мы выходзілі на вуліцу, а ўначы спалі ў адзенні – тэрмабялізне і ваўняных шкарпэтках…


Бухарэст.
Сафія: горад талерантнасці і трамваяў
– Сафія, сталіца Балгарыі, вельмі падобная да Мінска: ёсць праспекты, якія моцна нагадваюць наш Незалежнасці, з пэўных ракурсаў адрозніць іх проста немагчыма. Але некаторыя раёны ў вельмі жаласным, разбураным стане.
У Сафіі ёсць плошча Талерантнасці, дзе знаходзяцца каталіцкі касцёл, праваслаўная царква, сінагога і мячэць. Выдатна, што хаця б тут усе гэтыя рэлігіі настолькі спакойна ўжываюцца разам.
Трамваі ў Сафіі літаральна ўсюды, гэта нібы галоўны транспарт. Мы з сябрам раптам усвядомілі, што на трамваі не ездзілі супердаўно – на самалётах лятаем часцей.


.jpg)



Сафія.


«У Сафіі, дарэчы, выпускаюць свой праект, які, як і The Minsker, быў навеяны нью-йоркскім аналагам. Толькі ў адрозненне ад мінскай версіі, вокладкі малююць розныя ілюстратары».
Салонікі: пачынаецца самае цікавае і стрэсавае
– Да Салонік мы ўжо добра выдыхліся: паралельна з падарожжам абодва працавалі – уставалі а шостай раніцы і завісалі ў нейкіх кавяраньках. Пасля захаду сонца таксама працавалі і клаліся спаць даволі позна.





Салонікі.
У першы дзень у Салоніках мы забылі, што заўтра павінен быць нейкі пераезд у Македонію. Мы папрацавалі, пабадзяліся па горадзе, выбраліся на пікнік ля мора – і атрымалі апавяшчэнне ад «Букінга», маўляў, не забудзьцеся выселіцца. Вельмі расстроіліся гэтаму факту.
Нагадваю, што віза ў Паўночную Македонію для нас патрэбная, але даведацца падрабязнасці загадзя даволі складана. А калі ты садзішся на аўтобус у гэту краіну, трэба загадзя прыйсці на аўтавакзал, дзе твой пашпарт правераць у канторы перавозчыка – і ўсё, атрымліваеш паперку, з якой потым праходзіш мяжу. На гэтым моманце ў нас усё было ў парадку. А сёмай раніцы мы селі ў аўтобус.
Пакуль мы ехалі да мяжы ў Македонію, мне патэлефанавалі калектары! Справа ў тым, што я забыла аплаціць штомесячную падпіску на спартзалу ў Літве – і пратэрмінавала гэту аплату на тыдзень... Яны тэлефанавалі мне а 8-й раніцы і прасілі, каб я аплаціла збор для калектараў у памеры 11 еўра і сваю штомесячную падпіску на спартзалу.
Мне было страшна – усё ж калектары не тэлефанавалі мне ніколі. Я аплаціла на паніцы – ёлкі-палкі, раптам пададуць у суд.
Мяжа з Македоніяй: усе грэчаскія бабулі дружна паварочваюцца і прамаўляюць слова «Беларусь»
– Праз паўгадзіны ад званка калектараў прыязджаем на мяжу. Кіроўца збірае пашпарты, выходзіць, а потым вяртаецца і выклікае нас да памежніка на размову. І ўвесь аўтобус, запоўнены грэчаскімі бабулямі (якія гавораць на незразумелай нам грэчаскай), рэзка пачынае абмяркоўваць нас з сябрам: яны дружна паварочваюцца і прамаўляюць слова «Беларусь». Гэта было па-кіношнаму.
Македонскі памежнік сказаў, што ў нас няма віз і нам нельга трапіць у краіну. Мы паказалі яму сайт МУС, на якім напісана, маўляў, калі ў вас ёсць рэзідэнцтва і грамадзянства (а ў нас усё яшчэ ёсць грамадзянства Беларусі), то вы можаце без праблем праязджаць у краіну. Спачатку ён не паверыў нам і саркастычна спытаў: «Вы гэта даведаліся ў ChatGPT» А потым патэлефанаваў за ўдакладненнем цэламу міністру.
У выніку з намі доўга гутарылі ў нейкай будцы – і ва ўездзе адмовілі. Вяртайцеся, кажуць, у Салонікі, рабіце візу.
Наступны аўтобус у бок Салонік ішоў няскора, увечары. Мы падыходзілі да машын на мяжы, спрабавалі з’ехаць на спадарожках, але ніхто не браў нас. У выніку мы вырашылі пайсці ў бок горада і паспрабаваць кагосьці застопіць. Некаторыя машыны прытармажвалі перад намі і тут жа з’язджалі. Можа, таму што мы выглядалі прыгожа? Мой сябар быў у белай кашулі, ды і я здавалася прыстойнай...
Вяртанне ў Салонікі: кіроўца пачаў разгружаць фуру – ці трэба было яму дапамагаць?
– Хвілін праз 15 перад намі спынілася фура. Кіроўца жэстам запрасіў нас заскакваць. Ён зусім не ведаў англійскай, і ўсё, што мы змаглі даведацца, – што ён родам з Македоніі. На шчасце, ён ехаў у Салонікі; усю дарогу мы сядзелі моўчкі, слухалі балканскую музыку, а кіроўца паліў цыгарэты. Усё зноў было вельмі па-кіношнаму.


Македонская мяжа і кіроўца фуры.
Перад Салонікамі мы заехалі на вялізны склад. Кіроўца выйшаў і пачаў нешта разгружаць з фуры, а мы не разумелі, ці трэба яму дапамагаць. Балазе ўсё гэта хутка скончылася.
Кіроўца давёз нас да скрыжавання, дзе мы падзякавалі яму бутэлькай віна, якую цягнулі яшчэ з Балгарыі. Кіроўца быў вельмі расчулены. А наша паездка ў Македонію, Албанію і Чарнагорыю ўсё роўна сарвалася – і мы скасавалі гатэлі і аўтобусы, вярнуўшы амаль усе грошы.
Я хіхікала, таму што за раніцу адной-адзінай пятніцы мы спешна забраніравалі жыллё і транспарт у Македоніі, Албаніі і Чарнагорыі; у тую ж раніцу мне патэлефанавалі калектары; памежнікі адмовілі ва ўездзе ў краіну – гэта было нейкае вар’яцтва! Пятніца выдалася чумачэчая...
Харватыя: вакзальны вайб беларускага аграгарадка
– У выніку наш балканскі трып скараціўся з сямі краін да чатырох, уключаючы тыдзень у Салоніках, дзе кожны дзень мы елі фісташкі, размаўлялі з мясцовымі, хадзілі па вінтажках, ладзілі пікнікі або ў гарах, або ля мора, насалоджваліся сонцам – увогуле, замест цяжкіх пераездаў атрымалі грэчаскія канікулы.
У Грэцыі мы сустракалі даволі шмат рускамоўных. Гаспадыня адной з забраніраваных кватэр, тыповая грачанка, размаўляла з намі на англійскай, пакуль мы не пачалі размаўляць паміж сабой. Высветлілася, што яна нас разумела – у яе таксама карані з Усходняй Еўропы.

«Увесь час у Салоніках нас з-за светлых валасоў прымалі за немцаў. Рандомныя людзі маглі пачаць вітацца з намі на нямецкай на вуліцы, а адзін раз у пякарні нейкая жанчына бясплатна дала нам булачкі, папярэдне павітаўшыся па-нямецку».
У Заграбе мы правялі літаральна дзень і адтуль з’ехалі начным аўтобусам у Дуброўнік, дзе таксама правялі дзень – і вярнуліся ў Вільнюс. Было стрэсава знаходзіцца на харвацкім вакзале: мы чакалі свой начны аўтобус каля кавяранькі са спецыфічным кантынгентам. Людзі там пілі, палілі і ў цэлым былі нібыта карыкатурнымі персанажамі.
У гэтай кавярні мы заказалі толькі гарбату. Уладальнік, нічога не спытаўшы, паставіў перад намі попельніцу – і толькі потым прынёс гарбату. Раптам мы азіраемся і разумеем: перад намі сядзіць пажылы мужчына, перад якім стаіць бутэлька гарэлкі, а побач за столікам сядзіць жанчына, таксама з алкаголем, і ва ўпор глядзіць на нас. Увогуле, гэты вакзальны вайб нагадаў нейкую правінцыйную забягалаўку ў беларускім аграгарадку. Было забаўна, але мы парадаваліся, што там не трэба доўга заставацца.
У Дуброўніку было проста прыгожа і добра. Але да канца падарожжа ў нас настолькі не было сіл, што па горадзе мы пабадзяліся літаральна пару гадзін – і паехалі ў гатэль адсыпацца і аднаўляцца.


Дуброўнік.
Рэзюмэ: супертанна не атрымалася. Але ўсё ж на чалавека – 500 еўра
– Такія падарожжы пякельна вымотваюць. З арэндай машыны не склалася – не не было ні сіл, ні часу, ні фінансаў: для арэнды тачак трэба пакідаць заклад каля 900 еўра. Ён зваротны, але ўсё роўна гэта занадта шмат.
Усе нашы ўражанні змяшаліся ў адну суцэльную дарогу з-за таго, што мы ўвесь час былі на стрэсе з-за працы, перасоўванняў і побыту. Калі нас не ўпусцілі ў Македонію, мы нават выдыхнулі: значыць, нам не трэба наступны тыдзень увесь час знаходзіцца ў шляху.
Што тычыцца грошай, першапачаткова падавалася, што трып будзе даволі бюджэтным. Напрыклад, самае дарагое жыллё ў нас каштавала 35 еўра. Але пры гэтым, улічваючы колькасць перасоўванняў і аўтобусаў, якія насамрэч каштуюць даволі дорага (20–30 еўра раз на 2–3 дні), выходзіла даволі вялікая сума.
Елі мы часцей за ўсё не дома – гатаваць проста не было магчымасці. Мы палічылі, што на гэту паездку ў выніку патрацілі каля 500 еўра на чалавека, нават больш. З аднаго боку, за два тыдні падарожжа гэта няшмат. З іншага боку, мы гэтага не зусім чакалі – і нават крыху жахнуліся (усміхаецца).


І яшчэ крыху Дуброўніка.
Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.
Фота: з архіва гераіні.











