Некалькі гадоў таму беларуска Валерыя (імя зменена па просьбе гераіні) скарысталася паслугамі авіякампаніі LOT – і забрала плед і падушку, якую выдавалі пасажырам падчас палёту. Праз тры гады Валерыя вырашыла вярнуць рэчы авіякампаніі – і атрымала нечаканы адказ. Дзяўчына расказала CityDog.io, як маленькі жэст падзякі можа змяніць успрыманне жыцця.
– На той момант я рэдка карысталася самалётамі. Той пералёт быў начным, нам выдалі запакаваныя наборы – падушку і плед. Я распакавала набор і скарысталася ім – думала, што гэта кшталту аднаразовага посуду. Чамусьці ў мяне было перакананне, што пасля палёту ўсё, чым карысталіся людзі, выкідваецца. Было нават шкада, бо гэта ж неэкалагічна!
Падумала, што не ганарлівая – забяру, каб рэчы не выкідаліся. Больш за тое, я ляцела з мінімумам рэчаў на новае месца жыхарства, таму ў першыя часы пледзік мне вельмі прыдаўся. Напрыклад, калі я толькі прыехала ў Польшчу, моцна захварэла, але не паспела набыць коўдру. Таму накрывалася ўсім, чым магла: зімовай курткай і ў тым ліку пледам з самалёта.
«Стала сорамна. Атрымліваецца, скрала»
– Праз некаторы час нехта са знаёмых сказаў, што не трэба было забіраць набор, бо пасля палёту рэчы сціраюць і выдаюць новым пасажырам. Мне стала сорамна – атрымліваецца, скрала рэчы. Але на той момант у мяне яшчэ не было яснасці, што рабіць з гэтай сітуацыяй. Першая думка – трэба ехаць у варшаўскі аэрапорт і шукаць нейкае акенца ці службу. Так, на той момант у маёй свядомасці авіякампанія і будынак аэрапорта падзяляліся не вельмі моцна.
Сваю разгубленасць яшчэ тлумачу і тым, што сказаўся пераезд у новую краіну. На той момант сіл хапала толькі на тое, каб разабрацца з першаснымі рэчамі: знайсці жытло, зразумець, як працуюць крамы. Побыт у эміграцыі вельмі адрозніваецца – і на яго першы час траціцца ў пяць разоў больш высілкаў, чым дома.
«Авіякампанія падзякавала за шчырасць – і даслала новы камплект»
– Цягам трох гадоў я перыядычна глядзела на гэты плед. Разумела: гэта не добра, што ў мяне ляжаць чужыя рэчы. Але пры гэтым было і няёмка іх вяртаць – прызнацца ўласніку, што я ўзяла іх без дазволу.
У апошні час я стала часцей атрымліваць і дасылаць пасылкі – гэта стала для мяне ўжо звыклай рэччу. Урэшце пазл склаўся: проста загугліць адрас авіякампаніі і выслаць плед. Справа дзесяці хвілін.
Праз некалькі дзён да мяне прыйшла пасылка. Спачатку я засумавала, бо падумала, што зрабіла нешта не так: ці памылілася з адрасам, ці рэчы, якія вярнула, былі ўжо ў дрэнным стане. Але калі распакавала, то ўбачыла, што там таксама падушка і плед – толькі выглядаюць яны інакш. Аказалася, што авіякампанія даслала мне новы набор.



Новы набор, які атрымала Валерыя ў падарунак, і ліст з падзякай.
– Таксама ў пасылцы быў канверт з друкаваным лістом. Мне падзякавалі за маю шчырасць, а таксама адзначылі, што людзі вельмі рэдка вяртаюць ім рэчы. Таму ў адказ на мой жэст кампанія вырашыла выслаць абноўлены камплект, каб я з прыемнасцю ім карысталася.
У той момант я нават не паверыла ў тое, што адбываецца, – быццам гляджу прыгожы фільм. Нібыта ў жыцці такіх прыгожых жэстаў менш. Гэта кранула: няхай несвядома, але я зрабіла дрэнны ўчынак, а мне не толькі прабачылі, а, наадварот, падзякавалі.
Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.
Фота вокладкі: Unsplash.com.